Вялікая Айчынная вайна

"Былі забітыя пры адыходзе групы ". Гераічныя лёсы беларуса і ўкраінца, якія партызанілі ў ваколіцах Радашковічаў у 1943-1944 гг.

Працуючы над тэмай эпітафій на помніках ахвярам вайны, я не мог абысці ўвагай няўлічаныя мясцовай уладай пахаванні партызан. Адна з такіх магілак на фота.

Архіўныя дадзеныя: Дарожка Міхаіл Максімавіч, 1921 г. н., беларус, ураджэнец в. Селядчыкі (сёння гэта Вязынка, Маладзечанскі р-н), атрад ім. Жукава, Штурмавая брыгада, загінуў 02.03.1944. Малады чыгуначнік прыйшоў у партызаны ў 1943-м годзе і трапіў у дыверсійна-падрыўную групу свайго цёзкі - Міхаіла Мікалаевіча Коваля, ураджэнца Вінніцкай вобласці, Украіна.

Аб ім я і хачу крыху расказаць.

7 гадоў таму, калі я карпеў над праектам па ўвекавечанні памяці партызан брыгады "Штурмавая", мне трапіўся ў спісах загінулых партызан нейкі Ковылев М. Н. Прайшоў час, я шмат працаваў у архіве і высветліў, што пад Ковылевым хаваўся Коваль Міхаіл Мікалаевіч, 1915 г. н., ураджэнец с. Іванаўцы, Таўрычаскі р-н, Вінніцкай вобласці. Міхаіл Мікалаевіч меў вышэйшую адукацыю, да вайны праходзіў службу ў 23-м асобным інжынерным палку. Жонка - Запко Людміла Аляксандраўна пражывала ў г. Адэса, вул. Халтурына, 1, кв. 6.

З 15 мая 1943 года Коваль у партызанах, магчыма, да гэтага быў у палоне. Нядоўга прыйшлося партызаніць Міхаілу Кавалю - 2 сакавіка 1944 года немцы і паліцыя блакіравалі раён в. Рабушкі, Заслаўскага р-на. Верагодна, падрыўнікі былі там на дзёнцы. Пры адыходзе групы Міхаіл дарожка і Міхаіл Коваль былі забітыя.

Дорага заплацілі нацысты за гэтыя смерці.

Памятны знак паблізу месца базіравання брыгады «Штурмавая».

Тут можна прачытаць, за якія заслугі Коваль быў прадстаўлены на ўзнагароджанне ордэнам "Чырвонай Зоркі".

Фота з сайта partizany.by

У Нацыянальным архіве я выпісаў некалькі баявых данясенняў, адно з якіх напісана рукой самога Коваля. Прывяду данясенні так, як выпісаў (прыведзена з захаваннем арфаграфіі і пунктуацыі на мове арыгінала - заўв. рэд.).

  • 1.9.1943. Группа подрывников Коваль, Касперович и Шкурдюк установили мину на шоссейной дроге Красное – Радошковичи у нас. пункта Петюлевские хутора. Пастухи обнаружили мину, остановили автомашину и указали мину немцам. Немцы, желая разминировать, по незнанию подорвали себя. Один убит, второму оторвало обе ноги и третьему бок вырвало и заднее место седалище. Кроме этого ранило 14 человек рабочих, работающих на шоссе, желающих посмотреть мину. Минировал ст. группы – Коваль.

  • 5.9.1943. Группа партизан Коваль, Касперович М. и Шкурдюк заминировали шоссейную дорогу у населенного пункта Казеково, Заславского р-на. В р-те минирования была взорвана автомашина с немцами. Убито 6 немцев и 4 ранено. В числе убитых был убит Казековский комендант, последнему оторвало голову. Ст. группы Коваль. Минировал Коваль.

  • Донесение. Подрывная группа в составе Коваля М., Каспировича М., Шкурдюка и Иванова М., за текущую неделю проделала следующее: … 2) 25.09.1943 в 21-20 была взорвана грузовая 3-х тонная машина полна с немцами. Взрыв был очень удачный – подорвано 28 человек из них 16 убитых и 12 раненых. Машина опрокинута вверх колесами аж в откос без передних колес и мотора с разбитым кузовом. Была оставлена колонной и подобрана на второй день. Район диверсии – 400-500м. от Рогова в сторону Радошковичей. Дорога минировалась перед проходом немецкой колонны с войсками более 50-ти машин. После прохода разведки 4-х машин и мотоцикла приступили к работе. За 31 минуту была установлена мина и еще через 15 минут была взорвана машина. Отходить пришлось через реку в большой торопливости, до укрытия от огня противника. Слышны были стоны и плач немцев. Количество убитых и раненых услышали от немцев, когда те подбирали жертвы. Колонну задержали на 30мин. 27.09.43г. Старший подрывной группы (подпись Коваля).

У дзень напісання і падачы данясення ў штаб Коваль прыняў удзел у аперацыі па разгрому гарнізона Раёўка, якая прайшла няўдала, але Коваль у ёй асабіста вызначыўся, за што быў адзначаны падзякай з уручэннем асабістай зброі – пісталета.

Звяртаюць на сябе ўвагу падрабязнасці данясенняў, што можа сведчыць аб тым, што дыверсіі сапраўды праводзіліся, і пасля былі пацверджаны агентурай.

Манумент «Партызан» на ўваходзе да партызанскіх могілак у в. Сярэдняя.

На жаль, удакладніць звесткі аб тым, дзе пахаваны Коваль, мне не ўдалося. Па інфармацыі з базы АБД "Мемарыял" ён значыцца зніклым без вестак.

Але атрымалася ўваскрэсіць з архіваў памяць аб гэтым адважным ўкраінскім байцы, які, не шкадуючы свайго жыцця, ваяваў на нашай зямлі супраць немцаў у далёкім 1943-м годзе. Дзякуй яму за гэта.

Памяць аб ім не будзе адданая забыццю, а пару гадоў таму я адправіў аб ім дадзеныя ў праект «Кніга Памяці Украіны».
Made on
Tilda