Навіны на першай

«Ладзім рэйды па Радашковічах і кормім беспрытульных жывёл». Як дапамагчы валанцёрам ратаваць хвастатых бяздомнікаў

Як ратуюць бяздомных жывёл, якія апынуліся на вуліцах Радашковічаў, якая дапамога неабходная самім валанцёрам? Аб гэтым мы пагаварылі з жыхаркай пасёлка Марыяй, актыўнай удзельніцай Viber-суполкі «Хвасткі Радашковіч», якая аб’ядноўвае неабыякавых людзей з Мінска, Ратамкі, Заслаўля і нашага пасёлка.

«Хвасткі» існуюць з 20 снежня мінулага года, за гэты час валанцёры паспелі стэрэлізаваць 7 кошак і правесці кастрацыю 2 катам, аднаго сабаку стэрэлізавалі, зрабілі яму неадходныя прышчэпкі, пасшпарт, падрыхтавалі для перадачы новым гаспадарам. На ператрымцы зараз 4 сабакі і 2 каты.

Валанцёры суполкі не маюць на мэце знайсці ўсім дом і сям’ю, хоць і спрабуюць выкарыстаць для гэтага ўсе магчымасці. З-за вялікай колькасці хвастатых бяздомнікаў гэта амаль нерэальна. Іх мэта — скараціць колькасць жывёл на вуліцах, у тым ліку з дапамогай стэрылізацыі.


Эфектыўна наладзіць працу валанцёрам было б няпроста без прафесійнай ветэрынарнай дапамогі, што называецца, 24/7. Менавіта такую падтрымку "Хвасткам" забяспечвае персанал маладзечанскай клінікі "Ветдапамога", дзе вынайшлі магчымасць праводзіць стэрылізацыю бяздомных жывёлін па зніжаным кошце, а таксама гатовыя пракансультаваць літаральна ў любы час дня і ночы анлайн, падказаць найлепшае рашэнне ў складаных абставінах, дапамагчы ў экстранай сітуацыі.
- Мы высока цэнім такую дапамогу і шчыра ўдзячныя тым, хто ўкладае ў сваю працу душу, - падкрэслівае субяседніца.
Многія адзічалыя кошкі і каты прызвычаіліся да вулічнага жыцця, сацыялізаваць іх вельмі цяжка, таму пасля стэрылізацыі іх прыходзіцца адпускаць зноў на вуліцу. Тым не менш, калі яны ўжо стэрылізаваныя, жыхары пасёлка з радасцю іх падкормяць, а зімой дазволяць пагрэцца ў падвале, не асцерагаючыся таго, што праз некалькі месяцаў там іх будзе значна больш.

Ва ўсіх стэрэлізаваных кацеек ёсць адметнасць: выраза вушка, каб было зразумела, што кошка была ў ветклініцы і ёй зроблена адпаведная аперацыя.

- Мы не адмаўляемся ні ад якой дапамогі - ні ад ператрымак, нават на суткі, для стэрэлізаваных кошак, ні ад кармоў. Нам спатрэбіцца ўсё, - адзначае Марыя. - Да таго ж мы праводзім акцыі выходнага дня, калі ёсць транспарт, і ладзім рэйды па Радашковічам, кормім безпрытульных сабак, катоў, растаўляем гарачую ежу, асабліва ў маразы. Ездзілі ў Сасновы Бор, кармілі і там.

Валанцёры адкрылі дабрачынны рахунак, сроодкі з якога ідуць на закупку кармоў для тых, хто знаходзіцца на ператрымцы, аказанне медычнай (у тым ліку і тэрміновай) дапамогі, прышчэпкі, паслугі па стэрылізацыі.

Дапамагчы «Хвасткам» фінансава можна праз інтернэт-банкінг. Дастаткова скарыстацца сістэмай АРІП і пералічыць ахвяраванне (ЕРИП - банковские, финансовые услуги - банки, НКФО - Беларусбанк - BY32 AKBB 3134 0000 0107 0007 0000 - сумма - пополнение счета (на имя Марии Валерьевны) - провести платёж).

Дарэчы, валанцёры нават атрымлівалі паведамленні ад некаторых бацькоў аб тым, што іх дзеці радыя дапамагчы ў добрай справе і аддаюць свае кішэнныя грошы, каб бацькі іх залічылі на дабрачынны рахунак.

- Тут не магу не падзякаваць дарослым за выхаванне сваіх сыноў і дачок, якія адчуваюць адказнасць і гатовыя не купіць сабе, умоўна, шакаладку, каб купіць бяздомнаму хвастаціку корм, - адзначае субяседніца. - Да таго ж неабыякавыя дзеці дапамагаюць з кармленнем нашых гадаванцаў. Ды і ў школе мы разам з настаўнікамі праводзім акцыі «Збяры корм хвосцікам».

Паралельна са штодзеннымі клопатамі валанцёры падумваюць над яшчэ адной ініцыятывай - арганізацыіяй абсталяванай пляцоўкі для выгула сабак.

- Было б вельмі добра, каб выканкам пайшоў нам насустрач і выдзеліў для гэтага у межах пасёлка агароджаную пляцоўку. А неабходнае абсталяванне - горкі, калёсы і астатняе - мы, думаю, вырабілі і ўбсталявалі б і сваімі сіламі, - адзначае валанцёрка.

Дарэчы, Марыя не імкнулася стаць валанцёрам мэтанакіравана. Але калі яна з сям’ёй пераехалі з Мінска ў Радашковічы, хутка высветлілася, што праблема з бяздомнымі жывёламі тут найбольш актуальная. Прыватны сектар, самавыгул, кошкі, якія пладзяцца па некалькі разоў на сезон. І пры гэтым у Маладзечанскім раёне практыкуецца толькі ўсыпленне на ветстанцыі або адстрэл. Не арганізавана ніводнага прытулку для бяздомнікаў.

- Прайсці міма гаротных жывёл і раней не магла. Да таго ж сын, як і я некалі, час ад часу цягаў дадому шчанюкоў і кацянят. Першага сабаку ён уладкаваў яшчэ будучы першакласнікам, - усміхаецца Марыя. - Яны тады разам з аднакласнікам знайшлі шчанюка і хадзілі з ім на руках, чапляліся да прахожых, пакуль не знайшлі чулую бабулю, якая ў хлапцоў і забрала ў свой дом няшчаснага маленькага хвосціка.

Гісторый было нямала.

- Аднойчы здарылася тое, што я ніколі не змагу забыць, - успамінае валанцёрка. - Я ўбачыла, як з машыны на праезжую частку выкінулі шчанюка. Ён быў такі маленькі, што я нават не адразу зразумела, што гэта так коціцца міма машын да мяне. Я тады была са сваёй глыбока цяжарнай таксай, мы кіраваліся ў краму. Яна адразу зразумела, што зараз здарыцца бяда, таму разам са мой кінулася на дарогу ратаваць малюка. Канешне, у краму мы тады так і не трапілі!

Малюк апынуўся дзяўчынкай. Яе адмылі, пакармілі, далі асабісты ўтульны куточак і назвалі Доллі — на шчаслівую долю. Прыстроілі хутка. Маленькі, вечна ўскудлачаны шчанюк выглядаў так мульцяшна, што адразу спадабаўся новым гаспадарам і ўжо праз тыдзень пераехаў жыць у новую сям'ю. Так наша субяседніца прыйшла да думкі, што дапамагаць зусім няцяжка: трошкі любові, цярпення і клопату — і ўжо некалькі хвасткоў у новых сем’ях.

«Калі ідзеш па вуліцы і глядзіш на хворых кацянят з гнойнымі вачыма, пакусаных сабакамі, або падбітых няўважлівымі вадзіцелямі шчанюкоў, - сэрца кроўю абліваецца. Але ты ідзеш і разумееш: усіх не забраць, не прыстроіць. А іх становіцца ўсё больш. Асабліва калі людзі, нацешыўшыся сваімі прыручанымі жывёлінкамі, пакідаюць іх на дачах, а самі з'язжаюць.»

Ніжэй — некаторыя гісторыі тых, каму пашансавала знайсці новую сям’ю.

У Англію на ПМЖ
Аднойчы на вуліцах пасёлка з’явіўся нічыйны ганчак. Марыя гэта заўважыла і папрасіла дапамогі ў валанцёркі Марыны, якая займаецца гэтай пародай, ведае яе і дапамагае вярнуць у сем’і. Прыехала, забрала. Сабака быў чыпаваны, таму хутка высветлілі клічку — Баяр — і гаспадара. Ён адмовіўся ад свайго ганчака, бо той не мог ганяць зайцоў, маўчаў на паляванні — такі паляўнічаму не патрэбны, добра, хоть не застрэліў у лесе…
Праз некалі месяцаў, як Баяра забралі, валанцёры даведаліся, што ён збіраецца на ПМЖ ажно ў Англію.

- Зараз стаў амаль што лордам! - смяецца Марыя. - Але ёсць маленькі нюанс. Пакуль Баяр бадзяўся без прытулку, ён знайшоў сабе даму сэрца — прыгожую пародзістую аўчарку! І прыходзіў да яе ў будку на тэрыторыі прыватнага сектара, заставаўся там да ранку. Зараз Баяр жыве ў добрай сям’і і выключна шчаслівы, але ж сваёй даме сэрца на добрую памяць паспеў пакінуць ажно 8 шчанюкоў! Іх мы так сама прыстроілі ў надзейныя рукі.

«Дапамажы!» недаверлівай гончай
Другая гончая з“явілася ў Радашковічах вясной, змагла пратрымацца на падкормцы дабразычлівых радашкаўчан да глыбокай восені. На нашыйнік не ішла, у пад'езд заходзіць адмаўлялася. Пазней праявіліся і наступствы поўнай свабоды — Лада была цяжарнай. Валанцёры разумелі, калі яна зараз не ідзе да рук, то, калі з'явяцца шчанюкі, дакладна не падпусціць на да сябе, ні да іх. А выжыць на парозе зімы ў такіх умовах нерэальна.
Жыхары пасёлка дапамагалі ў прыручэнні недаверлівай гончай, неаднаразова спрабавалі задобрыць, завесці ў двор. Безвынікова. Пэўна, адчуваючы, што бяда блізка, гончая аднойчы зайшла да нашай субяседніцы ў двор.
- Лада на мяне глядзела такімі вачыма, быццам усёй сваёй сабачай душой прасіла: «Дапамажы!», - успамінае падзеі Марыя. - Яна дазволіла надзець нашыйнік, далася на павадок, дазволіла пагладзіць тоўсценькі жывот. Мы тады так і сядзелі з ёй у двары, чакалі, пакуль пад’едуць валанцёркі Марына і Аляксандра. На наступны дзень ыбла назначана аперацыя. Абарціравалі. Стэрылізавалі. Шкада 12 сабачых душ, але такое яно ёсць — жыццё...
Затое Лада стала Гразой, вернай свайму новаму гаспадару, з якім ходзіць на паляванне, спрабуючы аддзячыць за новае жыццё, дом, паказаць сваю адданасць.

Знаходка на сметніку
У суседнім двары дзеці знайшлі галоднага нашчаснага шчанюка. Як потым высветлілася, з атраўленнем і ўсімі ад гэтага наступствамі. Марыя забрала яго да сябе. Суседзі дапамагалі з кормам, бралі на прагулкі, жыхары пасёлка сабралі грошы для стэрылізацыі і прышчэпак.

Па словах Марыі, гадаваць Найду дапамагалі ўсе яе хатнія сабакі і каты. Старэйшая правярала чысціню вушэй, чысціла забы, займалася выхаваннем, малодшая, канешне, страшна рэўнавала, раз-пораз дазваляла сабе пакусваць гэтае вялікае (з пункту гледжання памераў таксы) дзіця, але не крыўдзіла. Кот прыняў пазіцыю самага старэйшага і назіраў за хвастатымі, на забываючы паддаваць малодшай таксе за яе нападкі на Найду.
Выгадавалі.

Найда ўжо з'ехала ў новы дом, дзе яе вельмі любяць. Яна ходзіць з гаспадаром на рыбалку, у лес, вартуе ўчастак.

Больш гісторый можна паглядзець на іnstagram-старонцы "Хвосцікаў".

Made on
Tilda