У чым праблема
За гады пошукавай працы ў Мінскай вобласці я агледзеў і даследаваў не толькі месцы масавага знішчэння грамадзянскага насельніцтва, але і месцы асобных пахаванняў: ваеннапалонных, партызанаў, падпольшчыкаў, кадравых вайскоўцаў і ахвяраў з ліку мірнага насельніцтва.На дзяржаўным уліку на 31 снежня 2020 года было 7867 воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяраў войн. Усяго ў аўтаматызаваны банк дадзеных «Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь» унесены ўліковыя запісы аб месцах пахавання больш чым 2 мільёнаў загінулых. Больш за 1.5 мільёна ўлічаныя як невядомыя.
Але вышэй гаворка ідзе пра байцоў, ваеннапалонных, партызанаў. А што ж з мірным насельніцтвам?
Паглядзіце на некаторыя фатаграфіі, зробленыя мной у розныя гады: гэта магілы ахвяраў войн з характэрнымі эпітафіямі, з якіх вынікае, што там пахаваныя людзі, забітыя нацыстамі. У маёй асабістай базе сабраныя сотні такіх фота з двух дзесяткаў раёнаў Мінскай вобласці. Звярну ўвагу на тое, што вялікая колькасць магіл ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны не мае ў тэкстах эпітафій указанняў на абставіны смерці. Часцей за ўсё сустракаюцца на помніках тэксты наступнага зместу:
«Вербицкий Владимир Андреевич, 25.08.1903, сын Сергей 19.01.1936, дочь Вера 1.04.1938. Погибли в 1942. Память от матери и жены». Бацька загінуў з маленькім сынам і дачкой. Жонка засталася жывая. Якая гісторыя хаваецца за гэтай трагедыяй?

Гэтыя фатаграфіі я зрабіў на могілках вёскі Забор'е Вілейскага раёна.



Фота зробленыя на могілках вёскі Беларучы Лагойскага раёна.



Такія эпітафіі ёсць на могілках вёскі Корань Лагойскага раёна.


Акрамя згаданых пахаванняў, на могілках вёскі Корань знайшлі супакой 24 жыхара вёскі Козыры, расстраляныя Плешчаніцкай паліцыяй 22 сакавіка 1943г. за некалькі гадзін да трагедыі, якая адбылася ў Хатыні.
Фота з могілак вёскі Камянец Мінскага раёна.




Гэтую фатаграфію я зрабіў на закінутых могілках каля вёскі Гранічы Маладзечненскага раёна.

Гэтае фота - з могілак вёскі Максімаўка Маладзечненскага раёна.



Могілкі вёскі Пажарышча Маладзечненскага раёна.



Ні на адну з вышэйпералічаных магіл не створаны пашпарт воінскага пахавання (ахвяраў войн), а пераважная колькасць прозвішчаў, імён і імён па бацьку не ўнесены ў Рэспубліканскі і рэгіянальныя аўтаматызаваныя банкі дадзеных "Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь".
Ніхто не правёў пошукавую працу па ўдакладненні імёнаў загінулага мірнага насельніцтва, а падставай для першаснага ўліку і ўшанавання памяці ахвяраў войн у тым ліку з'яўляюцца і звесткі з гісторыка-хранікальных выданняў раённых кніг «Памяць».
У кнізе "Памяць Вілейскага раёна" ўнесены прозвішчы, імёны і імёны па бацьку Кавалеўскіх, Дзікоў, Арловых. Значыцца загінулай у кнізе "Памяць Лагойскага раёна" Марыя Галадушка (1904г. р.), ураджэнка вёскі Корбачоўка, - дзеці не пазначаны (не ўнеслі ў кнігу?). Настаўнік Мігай Сцяпан Васільевіч (51г.) і яго сын Косця 17 гадоў таксама пазначаныя ў вышэй згаданай кнізе. Там жа ёсць і ўся сям'я Насевічаў з вёскі Прудкі, пахаваная ў вёсцы Корань. Там жа пазначаны прозвішчы, імёны і імёны па бацьку козыраўскіх лесарубаў, загінулых у дзень, калі спалілі Хатынь. Амаль усе прозвішчы, імёны і імёны па бацьку пахаваных на могілках у вёсцы Камянец Мінскага раёна таксама значацца ў кнізе "Памяць Мінскага раёна", за выключэннем маленькай Равгень Тані. У кнізе "Памяць Маладзечанскага раёна" імёны ахвяраў, пахаваных у Гранічах, Максімаўцы і Пажарышчы, адсутнічаюць.
Як вы можаце дапамагчы
У нас ёсць магчымасць вярнуць справядлівасць. Падкажыце мясцовым выканаўчым органам улады, дзе знаходзяцца няўлічаныя магілы ахвярам вайны. На такіх пахаваннях няма спецыяльнага знака.
Затым напішыце зварот у мясцовыя выканаўчыя органы ўлады. Узор вазьміце тут.


- гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі "Памяць",
- звесткі з аўтаматызаванага банка дадзеных "Кніга Памяці Рэспублікі Беларусь",
- звесткі з Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь,
- тэксты эпітафій мемарыяльных пліт,
- дадзеныя актаў Надзвычайнай Камісіі 1944г.
- дакументы Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі ў Москве,
- дадзеныя аб ўдакладненых звестках пра ахвяры па сельсаветам, сабраныя ў другой палове 1960-х гадоў (захаваныя ў занальных архівах),
- аўдыяльныя і пісьмовыя дадзеныя, атрыманыя ад мясцовых жыхароў і краязнаўцаў, з краязнаўчай літаратуры.
Акрамя гэтага, раю карыстацца прыватнай ініцыятывай Канстанціна Начаткіна pomnim.online. Гэта сацыяльны праект, які дапамагае ў пошуку пахаванняў і догляду за імі, а таксама агульнадаступная база пахаванняў на тэрыторыі Расіі, Беларусі і Украіны. На сайце можна "прывязваць" фота аб'екта да канкрэтнай кропкі на карце, для гэтага трэба ўвесці каардынаты геалакацыі.
Часам на могілках трапляюцца магілы-кенатафы - у іх няма пахавання. Звычайна тэкст эпітафіі аб гэтым недвухсэнсоўна кажа. Напрыклад, "(імя па бацьку) загінуў на франтах Айчыннай вайны". Такое пахаванне не падпадае пад заканадаўства аб увекавечанні памяці ахвяраў войн.
Спадзяюся, што гэты артыкул стане падказкай неабыякавым грамадзянам нашай Радзімы, якія захочуць па меры магчымасці паўдзельнічаць ва ўшанаванні памяці ахвяраў вайны.
Заканадаўства
Ніжэй публікуюцца вытрымкі з двух асноўных законаў, якія рэгулююць дзеянні дзяржаўных органаў па ўвекавечанні памяці ахвяраў войн.1. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 сакавіка 2016 г. №109 - аб увекавечанні памяці аб загінуўшых пры абароне Айчыны і захаванні памяці аб ахвярах войнаў.
- Артыкул 1- АХВЯРЫ ВОЙНАЎ - асобы з ліку грамадзянскага насельніцтва, якія загінулі гвалтоўнай або заўчаснай смерцю ў выніку ваенных дзеянняў ваюючых бакоў, карных і іншых акцый, якія ажыццяўляюцца ў ходзе войнаў і ўзброеных канфліктаў;
- няўлічаныя воінскія пахаванні, пахаванні ахвяраў войн – воінскія пахаванні, пахаванні ахвяраў войн, не якія не знаходзяцца на дзяржаўным ўліку;
- першасны ўлік воінскіх пахаванняў, пахаванняў ахвяраў войн - складанне пашпарта пахавання, падрыхтоўка прапановаў аб пастаноўцы пахавання на дзяржаўны ўлік;
- Артыкул 4. П.9. Першасны ўлік пахаванняў загінулых падчас войнаў вядзецца мясцовымі выканаўчымі і кантралюючымі органамі. Дзяржаўны ўлік пахаванняў загінулых падчас войнаў вядзецца Міністэрствам абароны.
- Артыкул 6. п. 25.5. Мясцовыя выканаўчыя і кантралюючыя органы: ажыццяўляюць збор інфармацыі аб няўлічаных воінскіх пахаваннях, праводзяць архіўна-даследчую працу ў мэтах ўстанаўлення дадзеных аб загінулых падчас войнаў, месцах іх пахавання.
2. Пастанова Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ад 9 жніўня 2016 г. №17 - Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку дзяржаўнага ўліку, пераносу воінскіх пахаванняў і пахаванняў ахвяраў войн, рэгістрацыі пахаванняў замежных вайскоўцаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і вядзення аўтаматызаваных банкаў даных.
Аўтар: Зміцер Брышцен, магістр культуралогіі, краязнаўца, пашукавік-даследчык.