Вялікая Айчынная вайна

Апошні палёт Лі-2: яны загінулі пад Маладзечна...

«Эх, Паша, Паша... Не уберегла тебя земля, небо было к тебе добрее»… Так напісаў у кнізе "Мы воевали на Ли-2" пра свайго баявога сябра Паўла Шчарбіну ветэран Вялікай Айчыннай вайны, былы афіцэр-авіятэхнік Мікалай Міхеевіч Гарнастаеў.

Як вярталі імёны

Згаданая кніга выйшла ў Маскве ў 1990 годзе, а год таму ў БССР на старонцы раённай газеты «Святло коммунизму» (Маладзечанскі р-н Мінскай вобласці) ад 11.07.1989 быў надрукаваны артыкул «Памяці чырвоных сокалаў».
Газета «Святло камунізму» (Маладзечанскі р-н Мінскай вобласці) ад 11.07.1989.

Артыкул у газеце быў прымеркаваны да адкрыцця 1 ліпеня 1989 года новага помніка на брацкай магіле двух невядомых лётчыкаў – ішла 45-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецкага нацызму. Помнік усталявалі за кошт сродкаў і на тэрыторыі саўгаса ім. Прытыцкага ў в. Цюрлі, якраз за сценамі саўгаснай канторы.
Тут усталяваны помнік загінуўшым лётчыкам.

«Еще один памятник возникает на многострадальной белорусской земле, как свидетельство того, что никто не забыт и ничто не забыто» - завяршае артыкул яе аўтар, Яўген Канстанцінавіч Літвін (у 1989 старшыня саўгаснага прафкама). Але толькі зараз можна ўпэўнена назваць імёны загінуўшых лётчыкаў.

Пошук па ўспамінах

У артыкуле ад 11.07.1989 са слоў сведкі падзей лета 1944 года Сямёна Міхайлавіча Паклікухі апісваецца адзін з тысяч ваенных эпізодаў той вайны - вымушаная пасадка савецкага самалёта каля вёсачкі Цюрлі каля горада Маладзечна, палон, гібель членаў яго экіпажа. Вось так апісаў тыя падзеі ў артыкуле С.М. Паклікуха:
«Самолет летел со стороны Лебедево. Там были фашистские солдаты и самолет сильно обстреливали. Наверное, были и попадания, потому что он задымил и стал снижаться. Сел вот тут, на поле, немного не дотянув до леса. А в Тюрлях как раз были немцы. Они сразу в машину и к самолету. И с других деревень тоже подъехали, взяли в кольцо, не дали пробиться к лесу. Летчики – их было 7 человек – залегли за пригорком, начали отстреливаться. Двух их них убили в перестрелке, а пятерых взяли в плен. Мы увидели, как их гнали через деревню. Что с ними случилось потом – не знаю. На мою мысль, если бы им удалось добраться до леса, то остались бы живыми, т.к. на следующий день пришли наши. А немцы после того как взяли в плен летчиков, заложили мину и взорвали самолет. Мы даже не догадались номер его запомнить. Теперь уже тяжело будет догадаться, кто были те летчики и что с ними случилось».
Фрагмент артыкула «Памяці чырвоных сокалаў».
Расследаваць выпадак тады ўзяліся хлопцы з пошукавага атрада «Доўг» Радашковіцкага раённага Дома Піянераў. Вось, што ў 2014 годзе я знайшоў у архіве свайго бацькі – кіраўніка атрада Брыштэна Вячаслава Антонавіча:

1) Сведчанні Аркадзя Васільевіча Станевіча.
2) Разрозненыя сведчанні мясцовых жыхароў.
3) Артыкул «Памяці чырвоных сокалаў».
4) Кароткі чарнавік парадку пошукавай працы.

У чарнавіку бацькі значыліся такія крокі: устанавіць дзень вызвалення Цюрлей, самалёт якога тыпу мог весці экіпаж з 6-7 чалавек, па тыпе самалёта вызначыць лётны полк і па літаратуры выбраць полк, які браў удзел у вызваленні г. Маладзечна.
Той самы чарнавік (запісана рукой майго бацькі).

6 кастрычніка 1989 года, са слоў жыхара горада Маладзечна А. В. Станевіча, 1911 г.н., ён запісаў наступную гісторыю пра выпадак у Цюрлях:
«В середине июля 1944 года я с товарищами возвращался из Вилейского р-на из партизанского отряда им. К.Е. Ворошилова. Рядом с д. Тюрли (за Молодечно) в 100 м. от дороги мы увидели советский двухмоторный самолёт, метров 7-8 в длину. Передняя часть самолёта, кабина и крылья до моторов были обгоревшие. Передняя часть (нос) была стеклянной. Крылья и корпус самолета были заполнены снарядами (длина с боеголовкой примерно 50 см.) от зенитки, лежали без упаковок, головками к хвосту. На крыльях и хвосте были номера и буквы. От местного жителя узнали, что самолет перед самым освобождением сел (очевидно, по неисправности) на поле и окружен фашистами. 2 летчика были убиты в бою, а двое попали в плен».

Фрагмент сведчання жыхара горада Маладзечна А.У. Станевіча.

Са слоў мясцовых жыхароў в. Цюрлі пашукавікам сталі вядомыя некаторыя іншыя падрабязнасці. «2 летчика погибли в кабине, а 2 убегали к лесу в сторону Хожева», колер самалёта быў светла-зялёны, зенітныя снарады ляжалі ў крылах і хваставой частцы - капсулямі да пярэдняй часткі, а выбухоўнікамі да хваставой, што ляцеў самалёт з усходу.

Адзін сведка даў такія падрабязнасці:
«Двое [убитых] летчиков были в кителях с желтыми погонами, 4-ро одеты в гимнастерки и комбинезоны, один из них был ранен в руку. Летчики отстреливались от окружающих немцев из пулемета, у убитых не было документов и после войны их якобы перезахоронили (куда?), рядом проходили немецкие танки, парашюты летчиков немцы разорвали надвое, а самолет был БОЛЬШЕ 10 метров» [узята бацькам на аркушыку ў рамку].

Пошук па дакументах

У 1989 годзе кіраўніку пошукавага атрада «Доўг» Вячаславу Брыштэну наўрад ці было вядома пра кнігу «Мы воевали на Ли-2», якая рыхтавалася да друку.
Калі б гэтая кніга патрапіла ў рукі майго бацькі ў пачатку 90-х, хто ведае, магчыма, родныя членаў экіпажа савецкага самалёта ЛІ-2, збітага немцамі ў ліпені 1944 гады каля г. Маладзечна, змаглі б даведацца пра лёс сваіх родных і блізкіх яшчэ тады, у 90 -х…

Зрэшты, маючы на ​​руках толькі вышэйапісаную інфармацыю і валодаючы доступам да архіва ЦАМА і вялікаму масіву метадычнай літаратуры, мой бацька і хлопцы мелі добрыя шанцы даведацца імёны членаў экіпажа - і тых, хто загінуў, і тых хто выжыў. Пошук застаўся тады незавершаным.

Мінула 26 гадоў… З пыльнага хлява паступова вярталіся да жыцця тысячы папяровых старонак велізарнай пошукавай працы бацькі, якія я беражліва аблічбоўваў. У пачатку верасня 2015 года, будучы пашукавіком навукова-даследчай групы ваеннай гісторыі і археалогіі «РУБОН», я ўпершыню прааналізаваў выяўленую інфармацыю па эпізодзе 4.07.1944 пад Маладзечна і зрабіў некаторыя высновы.
Абмеркаваўшы з кіраўніком нашай групы, гісторыкам авіяцыі Дзмітрыем Кіенкам страты дальняй авіяцыі ў Беларусі ў пачатковай фазе аперацыі «Баграціён», мы прыйшлі да высновы, што ў той час у раёне Вілейка-Маладзечна-Чырвонае зніклі два экіпажы з двух розных палкоў. Першы экіпаж - лётчыка Андракіна са складу 108-га авіяпалка дальняга дзеяння. Самалёт знойдзены ў 60-х у раёне Чысцінскіх балот, а яго экіпаж увекавечаны на помніку ў п. Краснае Маладзечанскага р-на (часткова перапахаваны). Другі экіпаж - Паўла Шчарбіны са складу 102-га авіяпалка дальняга дзеяння быў збіты знішчальнікам 4-га ліпеня.
Выпіска з журнала баявых дзеянняў.

Дзмітрый Кіенка:
«Днем 4 июля 1944г. 8 Ли-2 102 полка по два раза совершали доставку топлива и вооружения для мото-мех. корпуса генерал-майора Обухова (интересно, что именно в тот день, 4 июля 1944 года, генерал-майор был удостоен звания Героя Советского Союза) на площадку в 4 км. западнее Вилейки. Причем делали они это уже второй раз, так же поступали и днем 3 июля. Т.е. площадка была уже облетана и все ее знали. Так вот Щербина не вернулся из второго вылета совершенного 4 июля. Стало быть, весьма вероятно, что он летал два раза 3 июля и потом один раз 4 июля… Бортовой № самолета, вероятно, был № 24».

Дата падзеі 4 ліпеня 1944 г. (за дзень да вызвалення Маладзечна) і тып самалёта Лі-2 са складу 102 авіяпалка, экіпаж яккога якраз налічваў з 5-7 чалавек, наводзіла нас на думку, што мы на правільным шляху. Засталося толькі пацвердзіць гіпотэзу, тым больш што іншых варыянтаў фактычна не было.

У інтэрнэце тады знайшлося нямала новага. Так, яшчэ ў 2010 годзе на старонцы Форуму Пошукавых Рухаў вядомы ў Расіі пошукавік-даследчык Канстанцін Стральбіцкі апублікаваў дадзеныя з «Акта па даследаванні злачынстваў, нанесеных нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх саўдзельнікамі грамадзянам СССР, якія пражываюць на тэрыторыі Хожаўскага сельсавета Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці».

Цытата:
«…при содействии жителей деревни Цюрли установлено: 4/VII-44 г. были расстреляны немцами два лётчика - старший лейтенант и лейтенант, адресов их не установлено, потому что документы были забраны немцами".
Выпіска з акта камісіі.

Знайшлася ў інтэрнэце і кніга Гарнастаева - "Мы воевали на Ли-2". З кнігі:
«И вдруг — гибель Паши Щербины. В полк мы пришли одновременно, только он — борттехником. Этот здоровяк на диво хорошо знал Ли-2. Настолько хорошо, что ему очень хотелось стать полновластным хозяином машины. Он таскал за собой книги, учился, приглядывался к работе лучших летчиков. И добился своего — стал командиром экипажа. Откуда только у него брались силы? Около ста вылетов было у него на боевом счету. Но погиб он не в небе. На земле. Когда произвел посадку в районе Вилейки и началась разгрузка, на опушку леса вдруг вырвались фашистские танки. Так уж вышло, что пути отхода разбитого танкового батальона и самолета Паши Щербины скрестились. На войне непредвиденного много. Ли-2 был расстрелян. Экипаж успел покинуть машину, но не сумел уйти от смерти. Эх, Паша, Паша... Не уберегла тебя земля, небо было к тебе добрее... Из Боровой, Борисова, Приямино, Лиды, Гомеля на аэродромы и площадки у Сморгони, Русского Села, Речицы, Холопеничей, Хожево, Барановичей товарищи Щербины перебросили 122 тонны горючего и более 100 тонн боеприпасов [вот откуда зенитные снаряды уложенные боеголовками к хвосту в самолете]».

Нажаль, ці то з-за фантазіі аўтара, ці то з-за рэдактарскіх мастацкіх правак у кнігу патрапілі скажоныя факты.

Аднак відавочным было тое, што разгрузка ў р-не Вілейкі адбывалася не раней за 2, і не пазней за 5 ліпеня, гэта значыць, паміж вызваленнем Вілейкі і Маладзечна. За Маладзечна аж да 5 ліпеня на захад адыходзілі немцы, у тым ліку танкавыя падраздзяленні 5-й танкавай дывізіі Вермахта.
Карта наваколля г. Маладзечна - 4-5.07.1944.

З журнала баявых дзянняў 7-га авіякорпуса:
«4 июля 1944 … 102 АКП ДД 8-ю экипажами произвел 17 самолетовылетов на транспортировку грузов передовым частям 3-го БФ с аэродрома Смоленск на аэродром Вилейка. Доставлено 22,5 тонны горючего и боеприпасов. Транспортировка производилась под прикрытием истребителей. Один экипаж атакован истребителем противника типа МЕ-109, но наши истребители атаку противника отбили. Экипаж командира корабля Щербина на маршруте был атакован истребителями противника, с задания не вернулся – сбит».
Спіс членаў экіпажа.

Пасля праверкі і аналізу дадзеных з АБД «Мемарыял» і «Подзвіг Народа» высветлілася, што са складу экіпажа Паўла Шчарбіны загінуўшымі значыліся трое афіцэраў і адзін сяржант. Адзін афіцэр - штурман Яфім Клецман, а таксама сяржант Міхаіл Казурын выжылі (былі ў палоне), на што паказвала як запіс у картатэцы ГУК на афіцэрскі склад, так і картатэка пасляваенных юбілейных узнагароджанняў. Астатніх членаў экіпажа на гэтым этапе знайсці не ўдалося. З высокай доляй верагоднасці выходзіла, што немцы забілі менавіта лейтэнанта Паўла Шчарбіну і малодшага лейтэнанта Рыгора Сірыцкага.
Помнік невядомаму экіпажу, верасень 2015г.

Памылка ў памятным надпісе

24 верасня 2015 года я паехаў у Цюрлі, каб сфатаграфаваць помнік. З дарогі мемарыял відаць зусім не было - ён быў схаваны за групай кустоў і маладых дрэў. На невысокім пастаменце ў падгалоўі магілы, акантаванай невялікім бетонным мурам, стаяў валун з прымацаванай на ім мемарыяльнай шыльдачкай, а знізу замацаваны інвентарны знак воінскага пахавання №1604.

Тэкст шыльдачкі абвяшчаў:
«За нашу советскую Родину! На этом месте 21 июля 1944 года геройски погиб в бою экипаж самолёта бомбардировщика. Имена их неизвестны, подвиг их бессмертен».
Памятны валун на брацкай магіле, верасень 2015г.
Мемарыяльная шыльдачка, верасень 2015г.
Надпіс бянтэжыў. 21 ліпеня 1944 г.?! Бамбардзіроўшчык?! Узніклі пытанні - а калі ж была ўстаноўлена мемарыяльная шыльда? І калі быў устаноўлены першы помнік? На сайце Маладзечанскага райвыканкама выявіў такія дадзеныя:
«1982г. Камень. Силумин. В память о погибших лётчиках, павших при освобождении района от немецких захватчиков. Высота 1,2м. Размер знака 0,6х0,8м. д.Тюрли, у мехдвора. Решением облисполкома от 27.03.89г. № 39».

Суцэльная блытаніна!

Крыху яснасці ўносілі і архіўныя дакументы Маладзечанскага райгарваенкамата. У дакументах канца 1980-х гадоў значылася, што ў Цюрлях быў раней усталяваны драўляны помнік на месцы брацкай магілы невядомага экіпажа самалёта.
Выпіска з архіўнага дакумента.

У лютым 2016 года я накіраваў у ваенкамат горада Маладзечна матэрыялы справы для адпраўкі ваенкаматам запыту ў архіў ЦАМО (г. Падольск, РФ) па ўстанаўленні лёсу ўсіх членаў экіпажа Паўла Шчарбіны, а таксама выпіскі з асабістай справы штурмана Міхаіла Клецмана, які патрапіў у палон (пра гэта стала вядома з запісу ў яго КПК), але выжыў і пасля вайны пражываў ва Ўкраіне.
Дадзеныя на Я. Клецмана.

Была вялікая надзея, што ў ягонай асабістай справе захаваецца пратакол допыту ці рапарт аб эпізодзе 4 ліпеня 1944 г. і аб абставінах гібелі Шчарбіны і Сірыцкага.
Фрагмент анкеты-запыту.

Таксама мной былі заказаны копіі ўлікова-паслужных картак (УПК) Сірыцкага і Шчарбіны, у якіх маглі быць удакладняючыя звесткі, а таксама фотакарткі лётчыкаў.
УПК лётчыка Р.І. Сірыцкага.
У жніўні 2016 года дашлі копіі КПК афіцэраў, а праз месяц быў атрыманы адказ з ЦАМО. І калі ў КПК не аказалася нейкай звышважнай інфармацыі, то адказ з ЦАМА парадаваў поўным спісам экіпажа ЛІ-2:

  • Шчарбіна Павел Емяльянавіч, тэхнік лейтэнант, камандзір карабля 1914 г. н.
  • Клецман Яфім Маісеевіч, мал. лейтэнант, штурман карабля, 1922 г. н.
  • Казурын Міхаіл Андрэевіч, сяржант, тэхнік авіябартоў, 1919 г. н.
  • Сірыцкі Рыгор Іванавіч, мал. лейтэнант, лётчык, 1923 г. н.
  • Дуля Фёдар Ісаакавіч, радавы, паветраны стралок, 1924 г. н.
  • Шастапалаў Андрэй Сяргеевіч, мал. сяржант, в/стралок, 1925 г.н.
Трохі слоў аб афіцэрах.

Шчарбіна Павел Емяльянавіч, 1914 г.н., ураджэнец вёскі Іллінка Данецкай вобласці, Украіна. Жонка лётчыка пражывала ў 1944 годзе ў Іркуцку, а бацькі ва Ўкраіне.

Сірыцкі Рыгор Іванавіч, 1923 г. н., ураджэнец вёскі Клугіна-Башкіраўка Харкаўскай вобласці, Украіна. Халасты, бацькі пражывалі па месцы нараджэння лётчыка.

Клецман Яфім Маісеевіч, 1922 г.н., ураджэнец г. Балты Адэскай вобласці. Пасля вайны пражываў у г. Тульчыне Вінніцкай вобласці, Украіна.
Павел Шчарбіна.
Рыгор Сірыцкі.
Ягор Клецман.

Здавалася, што ўсё ўжо вядома і зразумела. Карціна складалася наступная. Днём 4 ліпеня 1944 года транспартны самалёт ЛІ-2 бартавы нумар 24 са складу 102 АПДД (камандзір карабля Павел Шчарбіна) пры выкананні баявога задання па дастаўцы боепрыпасаў перадавым часткам Чырвонай арміі на пляцоўку ў р-не горада Вілейка быў атакаваны нямецкімі знішчальнікамі і зрабіў вымушаную пасадку на полі каля вёскі Цюрлі бліз горада Маладзечна. Літаральна адразу савецкі самалёт сталі акружаць немцы, якія адыходзілі па дарозе на захад. Магчыма, камандзірам было прынята рашэнне правесці эвакуацыю экіпажа, пры гэтым нехта павінен быў забяспечыць адыход групы агнём з кулямётаў. Верагодна, Павел Шчарбіна кіраваў абаронай. У выніку хуткаплыннага бою камандзір карабля Шчарбіна і другі пілот Сірыцкі былі забітыя, а штурман Клецман і сяржант Казурын патрапілі ў палон. Магчыма, у палон трапілі таксама сяржанты Дуля і Шастапалаў, аднак гэта не так відавочна, бо сведчанні сведак моцна адрозніваюцца, а з узнагароднага ліста сяржанта Шастапалава вынікае, што ён з ліпеня 1944 года ваяваў у складзе 96-й стралковай дывізіі 2-га Беларускага фронту. Гэтая дывізія ў ліпені 1944 года як раз пераследавала праціўніка на тэрыторыі Мінскай вобласці на поўдзень ад Маладзечна ў напрамку Стоўбцы-Баранавічы.
Узнагародны ліст Шастапалава.
Пасля паланення лётчыкаў немцы падарвалі самалёт, пры гэтым згарэла кабіна і частка корпуса паміж крыламі і хвастом. Зенітныя снарады, якія заставаліся ляжаць у крылах і хваставой частцы, чамусьці не дэтанавалі ад пажару і гэтыя акалічнасці пазней з'явіліся сведчаннем, што: а) самалёт быў транспартным; б) экіпаж самалёта не паспеў выканаць пастаўленую задачу па дастаўцы груза.
Для поўнай і дакладнай карціны не хапала паказанняў штурмана Клецмана і матэрыялаў раскопак з месца вымушанай пасадкі самалёта. Абломкі і фрагменты ўзарванага самалёта пры іх ідэнтыфікацыі ўказалі б на тып паветранага судна. Усё ж заставаліся пытанні і сумневы. Дапамог выпадак.

Фінальная рыса

У чэрвені 2023 года краязнавец Уладзімір Садоўскі адправіў мне нямецкі аэрафотаздымак мясцовасці на поўдзень ад Маладзечна ад 9 ліпеня 1944 г., на якім мне ўдалося дакладна ідэнтыфікаваць месца пасадкі самалёта і яго тып.
Фрагмент аэрафота - ЛІ-2.
Фрагмент аэрафона - ЛІ-2, больш дэтальна.

На аэрафотаздымку выразна бачна, што самалёт прызямляўся на полі з паўднёва-заходняга боку, пры гэтым у момант пасадкі яго развярнула на 45-60 градусаў налева. У 80-100 метрах ад дарогі бачны абгарэлы касцяк самалёта, характэрныя крылы і хвост. Менавіта так выглядаў самалёт, апісаны А.У. Станевічам. Такім сёння стаў фінальны штрых у гэтай гісторыі.
«Хоть и прошло уже с тех пор 45 лет, однако и теперь еще находятся в земле неизвестные солдаты, про судьбу которых не знают ни родные, ни близкие,» - гаварыў на адкрыцці помніка ў Цюрлях 1 ліпеня 1989 года галоўны ідэолаг Маладзечанскага РК КПБ Уладзімір Аляксеевіч Кушнярэвіч. Вельмі сімвалічна, што час нічога не змяніў у падыходах адказных асоб да справы ўвекавечання памяці загінулых.

Помнік карэнна рэканструявалі зусім нядаўна, і зараз на месцы валуна з памятнай шыльдачкай акуратная магілка з безаблічным шэрым пастаментам і... з тым жа надпісам: «За нашу советскую Родину! На этом месте 21 июля 1944 года геройски погиб в бою экипаж самолёта-бомбардировщика. Имена их неизвестны, подвиг их бессмертен».
Старая таблічка ўманціравана ў падмурак пастамента. Прасцей за ўсё было перанесці савецкі тэкст на новы помнік, не дакранаючыся да гісторыі, не праводзіўшы пошукавай працы. Вельмі. Вельмі шкада. Не заслужылі лётчыкі другі раз быць адданы забыццю.

Пастскрыптум

Мяне нямала здзівіла пры падрыхтоўцы дадзенай публікацыі адна акалічнасць. У архіве пошукавага атрада «Доўг» я ўсё ж знайшоў запыты на пошук родных Паўла Шчарбіны. Павел быў лётчыкам і загінуў на тэрыторыі Беларусі ў ліпені 1944 года. Толькі служыў гэты Павел Шчарбіна ў 7-м гвардзейскім штурмавым авіяпалку і быў пілотам самалёта-штурмавіка ІЛ-2. Цёзка.
Адказ з ваенкамата - Шчарбіна П.П. 24. Копія пахаванкі - Шчарбіна П.П.
Шчарбіна Павел Піліпавіч, гв. сяржант, лётчык, 1924 г.н., ураджэнец Сумскай вобласці Белапольскага раёна, с. Маркоўка (Украіна), у РККА з 1941г. Папоў Дзмітрый Фёдаравіч, паветраны стралок, гв. малодшы сяржант, 1924 г.н., ураджэнец Тамбоўскай вобласці, с. Паўладар. У РККА з 1942г. 24 ліпеня 1944 г. Пры штурмоўцы частак праціўніка самалёт быў збіты нямецкай СПА. У выніку прамога трапляння самалёт спікіраваў і, урэзаўшыся ў зямлю, загарэўся. Экіпаж загінуў на месцы. Адбылося гэта паміж в. Рацічы і Скрынікі Гродзенскага р-на Гродзенскай вобласці, Беларусь.

Ці ведаюць родныя гэтых лётчыкаў аб іх лёсе? Хто ведае.
Made on
Tilda