У 2020-м годзе Маладзечанскі раён заняў другое месца па колькасці скасаванняў шлюбу ў Мінскай вобласці - разысціся вырашылі 563 пары. Больш разводаў было толькі ў Мінскім раёне - 899, а найменш у Старадарожскім - 49, Клецкім і Бярэзінскім - па 72.


Пры гэтым колькасць шлюбаў у Маладзечанскім раёне з кожным годам скарачаецца - ад 1283 у 2014-м да 758 у 2020-м.
Больш за ўсё за 2020 год шлюбаў было ў Барысаўскім раёне - 967, найменш у Старадарожскім - 96 і Мядзельскім - 108.


Дарэчы, як бачна па статыстыцы, кожны чацвёрты мужчына і амаль кожная восьмая жанчына ў Мінскай вобласці ніколі не былі ў зарэгістраваным шлюбе. 905 мужчынаў і 2707 жанчын дажылі да 70 і больш, так ніколі і не ўступаючы ў шлюб.
Амаль кожны дванаццаты мужчына і кожная дзевятая жанчына скасоўвалі шлюб.
За апошняе дзесяцігоддзе заўважна вырас узрост, у якім уступаюць у шлюб у Мінскай вобласці. У 1990-м сярэдні ўзрост адзначаўся на ўзроўні 24.6 года для мужчынаў і 22.5 года для жанчын, у 2020-м адпаведна 28,3 і 25,9. У паўторны шлюб зараз уступаюць у сярэднім у 42,1 (мужчыны) і 38,3 (жанчыны), а 10 гадоў таму - адпаведна ў 37,9 і 35,7.


Дарэчы, як піша Wall Street Journal, ёсць катэгорыя ранніх шлюбаў, якія рэдка сканчаюцца разводам. Гэта жанчыны, якія выходзілі замуж, не маючы перад гэтым вопыту сумеснага жыцця з партнёрам. Гэтая катэгорыя жанчын мела адны з самых нізкіх паказчыкаў разводаў у статыстычнай справаздачы пра шлюбы і разводы больш чым 50 тысяч жанчын, якую апублікаваў амерыканскі ўрад.
Псіхолаг Галена Роўдс з амерыканскага Універсітэта Дэнвера тлумачыць, з чым гэта можа быць звязанае. Адна з магчымых прычын — тое, што калі сужэнец раней ужо жыў з партнёрам, то ён мае вопыт разрыву такога тыпу адносін. Значыць, калі ў шлюбе пачнуцца праблемы, чалавек з такім досведам, імаверна, выбярэ сканчэнне адносін.
Іншая магчымая прычына — схільнасць параўноўваць свайго мужа ці жонку з былымі партнёрамі, прычым параўноўваць не на карысць цяперашняга партнёра. Напрыклад, муж можа быць надзейным і адказным чалавекам, але ён можа жартаваць горш, чым мінулы партнёр. Такія параўнанні, калі іх трымаць у галаве, руйнуюць шлюб.
Але гартаем далей. Як бачна па лічбах, за апошнія 2 гады заўважна ўзрасла колькасць скасаванняў шлюбу пры наяўнасці ў сям'і двух і больш дзяцей - з 959 за 2018 год да 1182 у 2020-м.

Больш за ўсё скасаваняў шлюбу у тых, хто пражыў адно з адным 5-9 гадоў, іх колькасць на працягу апошніх 6 гадоў амаль утрая вышэйшая ў параўнанні з другімі перыядамі сумеснага жыцця.
У параўнанні з ранейшымі гадамі, за парошнія 2 гады было трошкі менш шлюбаў, якія не паспелі адзначыць нават першую гадавіну. Такіх у 2020-м было 134, а, напрыклад, на 2014-ы іх прыйшлося 214.
Разыходзяцца і тыя, хто пражыў разам больш за 10 гадоў. За 2020-ы разышліся 968 пар, якія пражылі разам 10-14 гадоў. Гэта антырэкорд за апошнія гады. Найменш такіх скасаванняў было ў 2017-м - 645. У 2020-м антырэкорд па разводах паставілі і пары, якія былі разам 15-19 гадоў, такіх пар распалася 458. Найменшая колькасць скасаванняў у гэтай катэгорыі было ў 2015-м - 407. А вось тыя, хто пражыў разам больш за 20 гадоў і больш, часцей за ўсё разыходзіліся ў 2014-м - 789 выпадкаў. У 2020-м такіх скасаванняў было 714.

У 2020-м колькасць мужчын, якія развяліся ў 35-39, таксама заўважна павялічылася - з 971 ў 2019-м да 1095 у 2020-м. Жанчыны да 2020-га найчасцей скасоўвалі шлюб ў 25-34 гады, а ў 2020-м - у 30-39 гадоў.

