Навіны на першай

"Самаробны сметнік - і той знеслі!" Як наладзіць сістэматычны збор смецця па берагах Вязынкі і Гуйкі

Эксперымент па аўтаматычнай падтрымцы чысціні і парадку на берагах Вязынкі і Гуйкі, які няблага цягнуўся 2 сезоны, праваліўся.

Да такой высновы я прыйшла, калі пасля паўгадовага перапынку завітала на некалі звычны маршрут.


Яшчэ пазамінулым і мінулым летам і ў пачатку восені радашкоўцы, якія ладзілі пікнікі на берагах рэчак, стараліся пасля сябе пакідаць сабранае ў мяшкі смецце. Для гэтага ў некалькіх кропках якраз і былі прыстасаваныя вялікія мяшкі, якія спраўна апаражняліся. На дзюкеры, дзе часцей за ўсё ладзіліся кампаніі адпачываючых, была нават прыстасаваная самаробная сметніца з накрыўкай, каб ветрам смецце не раздувала, ды і дажджамі ёмкасць не залівалася. Здавалася, за невялічкімі нюансамі, усе шанавалі наладжаную сістэму падтрымкі чысціні.

На сёння ад той сістэмы не засталося і следу, самаробны сметнік - і той нехта, відаць, знёс для гаспадарчых патрэбаў або проста ўтапіў у рэчцы.

Берагі Вязынкі пакрытыя пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі, стаканчыкамі.



З дзюкера ў ваду паскідвалі нават некалі кімсці сабранае ў мяшкі смецце.



Прыкладна такая ж карцінка бачыцца, і калі прайсці далей па Вязынцы да Белых Пяскоў.




На беразе Гуйкі ўздоўж старых яўрэйскіх могілак смецця чамусці яшчэ больш. Хаця яшчэ летам паўсюль падтрымліваўся парадак аднолькава ўважліва.



Асобны боль - тэрыторыя саміх старых могілак.


Калі не паважаюць ні сябе, ні тых людзей, якія тут пахаваныя.


Між іншым, нельга не адзначыць намаганні добраахвотнікаў, якія падтрымліваюць парадак абапал мастка цераз Гуйку. Шчыры дзякуй вам, спадарства!


Але ж пытанне застаецца адкрытым: ці можна наладзіць сістэматычны сбор смецця па берагах радашкоўскіх рэчак так, каб клопат лёг не толькі на плечы адзінак-добраахвотнікаў? Калі так, то якім чынам? Калі ў вас ёсць канкрэтныя ідэі і прапановы, калі ласка, звяжыцеся з рэдакцыяй сайта праз telegram-бот @RadaskovichyBot. Загадзя ўдзячныя за актыўнасць.
Made on
Tilda