Навіны на першай

Частка 2. "За дзядамі шведамі". Чаму Шведскія горы ў Радашковічах зусім не шведскія

На тэрыторыі Радашковічаў маецца як мінімум дзве гары, якія жыхары пасёлка называюць Шведскімі. Адна ўяўляе сабой мыс ракі Гуйка, на якім стаіць дом №18 па вуліцы Заслаўскай, а другая размяшчаецца ў межах вуліц Полацкая, Янкоўскага, 8 Сакавіка. Прычым ні да першай, ні да другой гары шведы хутчэй за ўсё не маюць аніякага дачынення. І вось чаму.

Вуліца Заслаўская, 18.

З гэтага месца пачалася археалагічная гісторыя Радашковічаў. Менавіта тут у канцы XIX стагоддзя расійскі вучоны Ф. В. Пакроўскі выявіў старажытнае гарадзішча. Мясцовая назва Шведская гара.



Апошні раз на Шведскай гары археалагічныя даследаванні праводзіліся ў 1979 годзе. Кіраўніком раскопак быў археолаг Вадзім Іосіфавіч Шадыра. Цытую крыніцу " Збор помнікаў гісторыі, культуры і археалогіі Беларусі":
"Гарадзішча - мясцовая назва Шведская Гара. Вышыня над поймай ракі 8 -10 метраў. Пляцоўка круглая, дыяметрам 55 метраў, зараз распрацоўваецца. Адкрыў у канцы XIX ст. Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1969г. А. Р. Мітрафанаў, у 1979г. В. І. Шадыра. Знойдзены штрыхаваная кераміка, гладкасценны посуд V-VIII стагоддзя, ганчарная кераміка XII-XIII стагоддзя, абломкі глінянага прасліца і жалезнага ключа. Знаходкі належаць да культур штрыхаванай керамікі, тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны і эпохі Кіеўскай Русі. Матэрыялы абследавання захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі АН БССР".


Каля 2000 гадоў таму на мысе Гуйкі і ў ваколіцах на ўсю моц кіпела жыццё, і людзі ўжо карысталіся гліняным посудам. Акрамя таго, не пазней за 1200-я гады людзі ўжо выраблялі кераміку з выкарыстаннем тэхналогіі абпалу. Гэта значыць, што цывілізацыйна нашы Радашковічы як нейкі цэнтр культуры ўжо быў да таго часу сфармаваны.

Між іншым, вельмі верагодна, што Радашковічы і іх наваколле былі адным з апошніх астраўкоў балцкага паганства.
Верагодна, так выглядалі дзяўчаты з плямёнаў балцкага паходжання, якія жылі ў ваколіцах Радашковічаў

Па-першае, навукоўцы адзначаюць, што на поўнач ад летапісных Радашковічаў у раёне Малых і вялікіх Бакшт па Удры яшчэ ў XI-XIII стст. жылі плямёны балцкага паходжання. Мяжа іх аселасці даходзіла да ракі Гайна ў Лагойскім раёне. Па-другое, звесткі аб заснаванні касцёла і парафіяльнай царквы ў Радашковічах згадваюцца параўнальна позна - у 1447 і 1451гг. , у перыяд росквіту ВКЛ як нібыта суцэльна хрысціянскай дзяржавы. У той час як, напрыклад, у такіх жа старажытных гарадах Заслаўе і Лагойск хрысціяне былі ўладарамі з XI-XII стагоддзяў. На жаль, археалагічныя раскопкі не даюць пакуль адназначнага адказу на гэтае пытанне.

Дык чаму ж мыс Гуйкі называюць шведскай гарой?
Так склалася, што рэальныя шведы ў народнай памяці пакінулі значны след пасля Паўночнай вайны 1700-1721гг. і нават раней - у перыяд страшнай 13-ці гадовай вайны Рэчы Паспалітай з Масковіяй (1654 -1667), калі ВКЛ пазбавілася кожнага другога беларуса.

У беларускай міфалогіі паняцце "шведы" мае не толькі значэнне гістарычных войнаў з удзелам гэтага народа, але і назвы старажытнасці як такой. Прымаўка "за дзядамі шведамі" азначае "вельмі даўно". Я лічу, што гэтая гара называецца Шведскай з-за адсутнасці ў гістарычнай памяці народа больш канкрэтнай назвы для дадзенага гарадзішча. Шведская - значыць старажытная або легендарная. Ускосна гэта пацвярджаецца археалогіяй.


Раён вуліц Полацкая, Янкоўскага, 8 Сакавіка

Нейкі час ішлі размовы аб Шведскай гары як аб ўзвышшы ў трохкутніку вуліц Полацкая, Янкоўскага, 8 сакавіка – там пабудавана трансфарматарная падстанцыя. Сапраўды, дадзенае ўзвышша на першы погляд мае выгляд археалагічнага помніка падобнага да фарпоста на старым Полацкім тракце.

Гандлёвы шлях на Полацк здаўна пралягаў ад гэтага месца ў Радашковічах на Ілію - праз Максімаўку і вілейскае Забор'е, уздоўж рэк Рыбчанка і Ілія, пра што сведчаць карты і апісанні вуліц Радашковічаў ад 1564г.

Зрэшты, на схеме, якую малявала Вера Тарашкевіч-Ніжанкоўская (жонка беларускага навукоўца Браніслава Тарашкевіча, які жыў у Радашковічах), Шведская гара пазначана ў межах узвышша, якая пачынаецца ад габрэйскіх могілак да брацкай магілы габрэяў на вул. 8 Сакавіка.


Вуліца Пушкіна абгінае гэтае ўзвышша і пераходзіць у Полацкі завулак. Узвышша праразаюць сёння тры вуліцы - Пушкіна па левым краі, Полацкая па цэнтры і 8 Сакавіка па правым.

Цалкам магчыма, што дадзены тапонім, Шведская гара, выкарыстоўваўся мясцовымі ў адносінах да другой часткі старажытнага гарадзішча далетапісных Радашковічаў. Археалагічных даследаванняў у гэтай частцы пасёлка ў савецкі час і постсавецкі перыяд не праводзілася.

Не варта выключаць, вядома, і непасрэдна "шведскую версію" назвы Шведскіх гор у Радашковічах. Падчас Паўночнай вайны каля 3-х месяцаў з 18 сакавіка па 6 чэрвеня 1708 года тут знаходзілася Стаўка шведскага караля.

Тут падданыя Карла XII чакалі, пакуль дарогі стануць цвёрдымі, і займаліся ўвесь гэты час зборам правіянту для войска, а кажучы простай мовай – рабаваннем мясцовага насельніцтва.

Зразумела, што такія дзеянні, а таксама шведская ваенная прысутнасць магі накласці свой адбітак на памяць нашага народа.

Шведскі кароль Карл XII



З высокай доляй верагоднасці можна сцвярджаць, што вёска Кальсберг Мінскага раёна з'яўлялася месцам пастаяннай дыслакацыі шведскіх войскаў вясной 1708 года, бо назва вёскі кажа сама за сябе – Кальсберг (Карлсберг, г. зн. горад, месца або крэпасць Карла). Аднайменная марка піва, на жаль, не мае дачынення да нашага Кальсбергу.

Факт: бацька Веры, Андрэй Снітка, быў вядомым даследчыкам старажытнасцяў у Радашковічах, пражываў як раз у маёнтку Кальсберг ў канцы XIX і да сярэдзіны XX стст. менавіта да краязнаўцы Снітка прыязджаў у госці прафесар Ф. В. Пакроўскі, які праводзіў першыя навуковыя даследаванні Шведскай гары. А сам Андрэй Снітка адкрыў у пачатку XX стагоддзя іншае гарадзішча жалезнага веку (Выспа) паблізу в. Збаровічы Мінскага раёна. Гэта гарадзішча даследавана навукоўцамі, але цяпер моцна пашкоджана мясцовымі жыхарамі, ваенным ліхалеццем і ўсё тымі ж "чорнымі капальнікамі".

Хацеў бы звярнуцца цяпер да «чорных капальнікаў». Хлопцы, прашу, не рыйцеся ў старажытных гарадзішчах і курганах! Гэта амаральна, ненавукова і подла: артэфакты, знойдзеныя там, як правіла, не маюць велізарнай грашовай каштоўнасці, але маюць каштоўнасць гісторыка-культурную. Гэта ВАША і НАША гісторыя! Артэфакты перыяду ранняга Сярэднявечча могуць паступова раскрываць нам, якімі былі нашы продкі, якія жылі тут задоўга да нас. Месца, культурны пласт залягання знаходкі, яе захаванасць павінны быць навукова апісаны. Упэўнены, тое, што чарговы бескарысны для вас артэфакт будзе валяцца ў вас у сусеках, радасці вам не дадасць. А для вучонага ён таксама ўжо будзе мець сумнеўную каштоўнасць, так як звесткі аб знаходцы будуць згубленыя альбо ўтоеныя. Калі ласка, беражыце нашую спадчыну!

У наступнай частцы нашага гістарычнага экскурсу я распавяду пра назву пасёлка, прычым тут Кацярына II і яе гісторыкі і як «састарыць» першае згадванне вёсак Сычэвічы і Рэўкуцьевічы.
Made on
Tilda