
"У кнігах - гісторыі, якія распавядаюць аб лёсах мясцовых жыхароў, партызан і падпольшчыкаў Вілейшчыны. У гэтых гісторыях шмат гістарычнай праўды, падмацаваных фактамі, і, што асабліва важна – яны запаўняюць «белыя плямы цёмных бакоў» вайны. Паказваюць вайну ў яе бандыцкім абліччы: гібелі мясцовых жыхароў і падпольшчыкаў ад рук лясных бандытаў, савецкіх партызан, у выніку п'янства, марадзёрства, няўзгодненасці дзеянняў і міжусобных разборак", - выказаўся пра творы калегі Зміцер Брышцен, краязнаўца, магістр культуралогіі – навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

"Невядомая гісторыя майго краю"
Кнігу спампуйце тут.
"...нарэшце, будуць абнародаваныя несправядліва выкрасленыя з памяці імёны загінулых іх родных і блізкіх, частку якіх ужо атрымалася вярнуць з забыцця.
Людзі гінулі не толькі ад рук фашыстаў і лясных бандытаў, але і ад рук асобных партызанаў. Час не стаіць на месцы. Ён з кожным разам усё далей і далей аддзяляе нас ад мінулага, забіраючы ў свет іншы нешматлікіх, ужо апошніх, сведкаў, наш надзейны жывы гістарычны архіў мінулага стагоддзя. Таму і было вырашана выдаць кнігу ўспамінаў, каб зберагчы іх для нашчадкаў. Каб дзеці нашы і ўнукі добра ўсвядомілі, што такое вайна. Што вайна – гэта не толькі ордэны, медалі, зоркі герояў ды слава. Вайна, у першую чаргу, – гэта вялікае людское гора. Гэта голад, холад, разбурэнні, нявінна пралітая кроў і гвалтоўная смерць старых і дзетак! Толькі ў дакладным параўнанні, ведаючы праўду пра вайну, якая ў шматлікіх выпадках бывае балючай і горкай, нашы нашчадкі змогуць правільна ацаніць МІР на зямлі."
Такой прадмовай пачынаецца кніга "Невядомая гісторыя майго краю" Алеся Раткевіча, якая ўбачыла свет ў 2018 годзе. Сярод сабраных успамінаў жыхароў у выданні можна знайсці і гісторыю сям'і аўтара.


"Па другі бок мяжы"
У выданні Алесь Раткевіч апавядае пра невялічкую, галоўным чынам, трагічную частку гісторыі Лагойшчыны і Вілейшчыны, якія цягам часу траплялі пад розныя пераўтварэнні, падзелы і аб’яднанні, пакутвалі ад шматлікіх захопніцкіх войнаў. У кнізе згадваюцца падзеі як XVI стагоддзя, так і пасляваеннага часу другой сусветнай вайны.Кнігу спампуйце тут.

Ад аўтара:
"Падзеі, якія адбываліся ў нашых мясцінах, ніколі не ўключаліся ў школьную праграму навучання. Не публікаваліся ў сродках масавай інфармацыі, таму што ўтрымліваюць не вельмі прыемныя гістарычныя звесткі, якія не адпавядаюць мінулай ды і сённяшняй дзяржаўнай ідэялогіі. Як бы там ні было, гісторыя заўжды застаецца гісторыяй, кожны намагаецца схаваць яе аб’ектыўнасць ў сваіх інтарэсах. Але дзеля будучыні нашых нашчадкаў, мы павінны па максімуму перадаць ім гістарычную спадчыну без фальсіфікацыі, бо яе аднабокасць заўжды прыводзіць да выраджэння любой народнасці як нацыі."
"Праз смерць і пакуты"
Кніга выйшла ў 2022 годзе і расказвае пра тое, з чым сутыкнуліся і праз якія пакуты ваеннага ліхалецця прайшлі нашы землякі ў мінулым стагоддзі.Спампуйце тут.
У кнігу увайшла гісторыя знішчэння вёскі Боркі, якую спалілі ў рамках карнай экспедыцыі "Draufgänger-2" баявой групы Курта фон Готтберга - обергруппенфюрера СС і генерала войскаў СС і паліцыі, што праводзілася на тэрыторыі былых Радашковіцкага і Ільянскага раёнаў з 1 па 10 мая 1943 года. На старонках кнігі расказана і гісторыя двух аднавяскоўцаў-франтавікоў з Любчы, якія да канца жыцця не асабліва расказвалі пра свой насамрэч гераічны ваенны шлях.
Алесь Раткевіч не абмінуў увагай і тое, як лёсы герояў складваліся пасля трагічных падзей, як жыццё брала сваё.

*Ілюстрацыі ўзяты з вышэй названых кніг Алеся Раткевіча.