У працяг тэмы аб нашых рэчках, якіх на Міншчыне вялікае мноства, я раскажу пра галоўную артэрыю Радашковічаў, па якой у даўнія часы можна было даплыць аж да Балтыйскага мора. Так-так, я пра вядомую нам рэчку Рыбчанку.
Аб паходжанні назваў: што адкуль
120 гадоў таму ў аб'ёмнай сямітомнай працы "Беларуссы" (у арыгінале - "Бълорусы") прафесар Карскі прыводзіў звесткі па этымалогіі назваў рэк, якія праходзяць па тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы. Я звярнуў увагу вось на які факт. Прафесар піша, што назва ракі Шчара мае балцкае паходжанне, дзе прывязку дае да такіх літоўскіх слоў як sauras - вузкі, skiaure - садок для жывой рыбы. Прытокі Шчары носяць славянскія назвы - Ведзьма, Лінніца, Мышанка. Шмат буйных рэк і іх прытокаў у Заходняй і Цэнтральнай Беларусі маюць балцкія (Нёман, Вілія, Беразіна ад літ. berzas) і славянскія карані (Лань, Случ, Пціч).
У сістэме рэк нашай малой радзімы колькасць балцкіх гідронімаў прыкладна роўна славянскім. Уша, Гуйка, Илля – удра-балцкія назвы; Вязынка (яна ж Ліпенька), Рыбчанка (яна ж і Радашкоўка, і Вязынка, і Сычоўка) - славянскія назвы.
Згадаем рэчкі Чарняўка (яна ж Дзекшнянка і Уніманка), якая ўпадае за Радашковічамі ў Рыбчанку і рэчку Бервечанка (летапісная Бербеча), якая, у сваю чаргу, бярэ выток каля вёскі Новая (раней - Пецюлі, Бервеч) і ўпадае ў Рыбчанку ў раёне вёскі Вялікі Бор. Адзначу, што рэчкі Вязынка (Липенька), Удра, Бервеч і Дзекшнянка вусцем выходзяць з раёна аднаіменных паселішчаў.
Зніклі з сучасных карт тапонімы Удра і Бервеч: фальварак Бервеч быў адзначаны на картах у раёне вёскі Новая (Пецюлі). Ды і Бервечанка згубілася ў меліярацыйных каналах, якія цягнуцца да Чысценскіх балот…
Як я лавіў Радашкоўку ў пісьмовых крыніцах

Блакітная нітка рачной вады ад вёскі Ліпені да ўпадзення яе ў Вілію на працягу ўсёй яе даўжыні (а гэта больш за 50 кіламетраў!) у розныя гістарычныя перыяды на асобных адрэзках называлася па-рознаму: ператваралася з Ліпенькі ў Вязынку, потым у Радашкоўку, Сычоўку і Рыбчанку, то зноў у Вязынку, а часам і ва Удранку, замацаваўшы за сабой сёння назву Рыбчанка.
Але чаму ж Рыбчанка, а не Радашкоўка, спытаеце вы, бо гэта больш лагічна - назваць рэчку сугучна назве паселішча?
Звесткі з сучаснай энцыклапедыі "Гарады і вёскі Беларусі" вызначаюць у пачатку XX стагоддзя вёску Раёўку Маладзечанскага раёна на "сплаўнай рацэ Радашкаўцы".

Адпаведна, рака бярэ назву ад свайго вусця ў Радашковічах, як і іншыя згаданыя рэкі. Палякі ў атласе XIX стагоддзя раку Радашкоўку размяшчалі ў раёне вёскі Ярмолічы Вілейскага раёна. Адразу я палічыў гэта памылкай, бо каля Ярмолічаў няма прытокаў, а цячэ і ўпадае ў Вілію рака Іліля. Але не памыляліся польскія навукоўцы.
У XIX стагоддзі яны называлі цяперашнюю Рыбчанку Вязынкай, пасля ўпадзення ў яе Удры - Удранкой, а далей – Радашкоўкай. Верагодна, гэта назва не прыжылася.
Рыбча або Рыбчанка - цяпер вёска ў Вілейскім раёне. Знаходзіцца яна ў некалькіх кіламетрах на поўнач ад упадзення Рыбчанкі ў Ілілю. На царскіх планах межавання пачатку XIX стагоддзя рака Рыбчанка называецца Вязынка ад вусця ў Ліпенях да ўпадзення яе ў Вілію, дзе размяшчалася калісьці вялікая вёска Рыбчын (Рыбчына). Цяпер на яе месцы мясцовымі жыхарамі ўсталяваны сціплы помнік зніклай вёсцы.

Дарэчы, у артыкуле "Перевозили и живых и мертвых. Истории людей, которых выселило Вилейское водохранилище" на партале Onliner.by расказана, как знік Рыбчын, а таксама аб тым, як там жылося плытагонам.


Цытата:
«Переселенцы вспоминают исчезнувшее сегодня дело, которым исторически занимались многие мужчины в Рыбчине.
— Валили деревья в местностях вдоль рек, скрепляли их в плоты, а потом с шестами сплавляли их аж до Вильнюса. И мой отец так работал, все лето был на сплаве, — говорит Петр Гаврилик.
Год работал плотогоном и Константин Петрович — при нем уже лес гоняли в Вилейку.
Раиса Константиновна помнит драматичную историю из детства:
— Мы, дзеці, гуляліся на тых плытах. Аднойчы навыперадкі беглі па бярвеннях на другі бераг ракі. Я паслізнулася і ўпала ў халодную ваду. З трэцяга раза прабілася наверх — цудам засталася жывая. Дасталося мне пасля гэтага ад мамы, канешне.
У польскім атласе XIX ст. можна прачытаць наступнае:
У 3 вярстах ад Радашковічаў, паблізу ўпадзення Уніманкі ў Рыбчанку, знаходзілася прыстань для складзіравання лесу, які сплаўлялі праз Вілію ў Нёман і далей у Прусію. Сёння гэтае месца можна прыкладна лакалізаваць на паўночнай ускраіне пасёлка па дарозе на Сычэвічы.

Рака Ілія упадае ў Вілію ў Вілейскім вадасховішчы ў раёне вёскі Вязынь. Пры гэтым паміж вёскамі Рыбча і Раёўка на рацэ Рыбчанка сёння размешчана вёска Павязынь! Ёсць яшчэ адна вёска Павязынь. Яна размешчаная на рацэ Вызынка ў Маладзечанскім раёне. Аднак высветлілася, што яна мае сучасны тапонім, не старажытны. На карце Фіцінгофа 1846г. і пазнейшых картах аж да сярэдзіны XX стагоддзя мы знаходзім там не Павязынь, а засценак Шыпкі або Беражок, а на месцы Раёўкі – таксама Вязынь (Раёўкай называўся маёнтак мясцовага шляхціца). На гэтай жа карце да ўпадзення Бервячанкі ў Рыбчанку яна названая Сычоўкай.

Лагічней за ўсё выказаць здагадку, што спрадвечная назва той ніткі вады, што цячэ ад Ліпенькі да ўпадзення ў Вілію, – Вязынка. Цэлых 5 тапонімаў з коранем -вязын- я выявіў у яе басейне ў розны час. Пра гэта ж кажуць і раннія геаграфічныя карты, напрыклад, Радзівілаўская карта ВКЛ 1613 г. На ёй рака Рыбчанка ад вытока і да Віліі мае назву Вязынь. Таксама як і тапонім сучаснай вёскі Вязынь, дзе сёння рака разліваецца і вусцем упадае ў Вілію. Адметна, што старажытная назва ракі Ілля і аднайменны тапонім паселка ў Вілейскім раёне трываюць да сённяшняга часу. Такім чынам відавочна, что сённяшняя Вязынка гэта таксама наватвор ад Вязыні-Вяжыні, а Рыбчанка гэта досыць пазнейшы гідронім мясцовага, больш эканамічнага паходжання.

Чаму ў адной ракі так многа назваў?
- Фактар першы - гэта старажытная назва бліжэйшага населенага пункта ў вусце ракі, якое дае ёй назву, а таксама найбольш буйныя населеныя пункты з аднайменным тапонімам у корані, якія размешчаныя ўздоўж ракі. Пры гэтым пытанне аб паходжанні гідроніма Вязынь ад тапоніма з коранем -вяз- ці наадварот застаецца адкрытым.
- Фактар другі - гэта аддаленасць паміж населенымі пунктамі на гэтай рацэ і звязаныя з гэтым метамарфозы ў яе назве для насельніцтва ў канкрэтнай мясцовасці.
- Трэці фактар - гэта новае найменне ракі ад гідроніма больш буйной з іх пасля зліцця.
Па маёй версіі, назва ракі Рыбчанка ў рэшце рэшт прыжылася ў афіцыйных дакументах, таму штоў побыце мясцовыя называлі так раку, якая ўпадае ў Вілію. Гэтая назва была больш зразумелай і бліжэй да сэрца тым, хто працаваў на сплаве ў Рыбчыне. Як называлі раку тыя мясцовыя жыхары, што жылі ад Радашковічаў да Вязыні, іх, пэўна, мала цікавіла. Вось і атрымалася, што прыкладна з канца XIX – пачатку XX стагоддзя і на сучасных картах Рыбчанка лакалізуецца вусцем у Радашковічах да ўпадзення ў Ілілю, такім чынам пакінуўшы ўсе свае папярэднія назвы толькі ў артэфактах чалавечай памяці - старых картах, юрыдычных і гаспадарчых дакументах.