Вялікая Айчынная вайна

"Туды, дзе жыўцом былі спаленыя іх родныя, вярнуцца не атрымалася". Гісторыя двух аднавяскоўцаў-франтавікоў, якія да канца жыцця не асабліва расказвалі пра свой гераічны ваенны шлях.


Аўтар: пісьменнік і краязнаўца Аляксандр Раткевіч

Вырваўшыся з вогненнага палону 4 мая 1943 года, калі фашысты палілі іх родную вёску Любчу, Іван Трацінка (1911 г.н.) і Міхаіл Ваўчок з незалечанымі ранамі паспелі папартызаніць, а ў ліпені 1944 года без ніякіх адгаворак і скаргаў (а маглі б!) пайшлі на фронт змагацца з ненавісным ворагам. Пайшлі не задумываючыся, каб толькі адпомсціць тым праклятым нелюдзям-фашыстам, якія загубілі іх родных і блізкіх у страшэнных пакутах. І помсцілі на поўніцу, без страху, мужна і заўжды ў першых радах. І падтвярджэнне таму - іх шматлікія ўзнагароды. Абодва з перамогай вярнуліся ў свой родны куток, дзе жыўцом былі спаленыя іх родныя, суседзі, аднавяскоўцы. Толькі ў родную сваю Любчу вярнуцца не атрымалася, таму што адбудоўваць вёску не было ўжо каму, згінулі ўсе.

На Вілейшчыне пад час Вялікай Айчыннай было спалена 76 вёсак. Клюева, Янава, Рабцава, Любча і Боркі (гісторыю гэтай вёскі можна прачытаць тут), знішчаныя разам з жыхарамі, так і не адрадзіліся. Не было каму будавацца, нараджаць і гадаваць дзяцей.


Мясцовыя жыхары расказвалі пра дваіх мужчын, якім быццам бы пашчасціла ў той трагічны майскі дзень вырвацца з палаючага тока, але хто гэтыя людзі, і як склаўся іх пасляваенны лёс, не маглі расказаць ні музеі, ні архівы. Маўляў, дзе толькі не шукалі, сляды згубіліся. Але ў маіх гутарках з жыхарамі бліжэйшых ад былой Любчы вёсак раптам падняліся з забыцця прозвішчы людзей, якім наканавана было ў той трагічны дзень перахітрыць смерць. На жаль, іх, Міхаіла Ваўчка і Івана Трацінкі, сярод жывых ужо няма. Таму дзень 4 мая 1943 года адновім, апіраючыся на расказы жыхароў прылеглых да Любчы вёсак.,

Я ніяк не магу зразумець, чаму на працягу амаль васьмі дзясяткаў гадоў са дня трагедыі ніхто не здолеў навесці даведкі па тых людзях. А як сёння высветлілася, іх увогуле не патрэбна было і расшукваць, бо яны жылі ўсё жыццё сярод нас. Кожны дзень мы з імі дзесьці сустракаліся, віталіся. А яны ў меру сваёй мужнасці і сціпласці пражылі ўсё жыццё ціхенька, не скардзячыся на свой трагічны лёс і не казыраючы сваім гераізмам, праяўленым у барадзьбе з лютым ворагам.


...Пасля вайны і Іван, і Міхаіл пачалі ствараць свае сем’і і будавацца ў суседніх Малявічах. Малявічы іх прынялі як сваіх родных. Вяскоўцы ведалі іх трагічнае мінулае, таму ставіліся да Івана і Міхаіла са спагадай і з павагай за іх мужнасць. У душы да іх людзі самі не імкнуліся лезці з пытаннямі пра іх ваеннае ліхалецце. Іван з Міхаілам па жыцці не былі моцна гаваркімі, жылі больш моўчкі. А ваенную тэму ўвогуле імкнуліся пазбягаць. Пагэтаму я не змог даведацца столькі, колькі хацелася б. Але тое, што раскрывае ўсю загадкавасць трагедыі, усё ж даведаўся ад людзей, якія атрымалі звесткі, як кажуць, з першых рук.

Як я ўжо згадваў вышэй, Трацінка з Ваўчком не былі шматслоўнымі, асабліва Ваўчок. Вяскоўцы нават не цалкам упэўненыя, што гэта менавіта ён тады быў разам з Трацінкам. Як стала вядома ад жыхароў Малявічаў, Іван Трацінка вельмі не любіў успамінаць той жудасны дзень. Але ўсё ж хоць караценькую інфармацыю атрымаць удалося.





Тады, 4 мая 1943 года, калі немцы і, галоўным чынам, літоўскія паліцаі наляцелі на Любчу, вёска ўжо не спала. Хтосьці пасвіў жывёлу, шмат ужо хто працаваў на сваіх шнурах, гаспадыні завіхаліся па гаспадарцы. Карнікі запаланілі ўсю вясковую вуліцу. Ад іх паступіў загад пад пагрозай растрэлу, каб усе сяляне кідалі сяўбу і тэрмінова вярталіся ў вёску для пераліку насельніцтва. Каб не падстаўляць свае сем’і, усе вымушаны былі падпарадкавацца загаду.

Калі жыхары ўсе сабраліся, карнікі аддзялілі ад ўсёй людской масы мужчын і пагналі ў бок Борак, за рэчачку, дзе на водшыбе ад сядзібы Адама Станкевіча стаяў яго ток. Спачатку вяскоўцы не зразумелі такой дзяльбы, і толькі калі каты пачалі заганяць мужчын у ток, у вёсцы пачуўся істэрычны жаночы крык. Ад тока было добра бачна, як у вёсцы паліцаі з немцамі распачалі гвалтоўныя дзеянні супраць маладых жанчын і дзяўчат. Вясковую вуліцу напаўняў жаночы крык ў перамешку з рогатам нацыстаў і іх прыхвасняў.

Задаволіўшы свае звярыныя самцовыя інстынкты, тыя нелюдзі ўсіх старых і жанчын з дзяцьмі, загналі ў пчалярню Станкевіча. А мужчын тым часам, як ужо згадавалася вышэй, карнікі зачынілі ў таку Станкевіча. Пасля абодвы будынкі з усіх бакоў аблілі бензінам і падпалілі. Натоўп мужчын адразу паспрабаваў ламануцца ў дзверы, але тыя не паддаваліся. Карнікі па дзвярах адкрылі стральбу з віновак.

Адны зняволеныя валіліся на зямлю, скошаныя варожай куляй, а астатнія працягвалі ламаць дзверы. Іван і яшчэ некалькі чалавек у гэты момант здолелі ў сцяне адарваць дошку з супрацьлеглага боку ад дзвярэй. Дзюрка выходзіла ў бок лесу, якраз шлях да якога прыкрываў густы дым ад палаючага току. Іван, не марудзячы ні секунды, шмыгануў праз дзюрку і па ходу дымавой завесы што было моцы ірвануў падалей ад смеці. Азірнуўся назад толькі тады, як апынуўся на ўзлеску, а над галавой прасвісцелі кулі, што і прымусіла яго з ходу паваліцца на зямлю. І толькі тады Іван заўважыў што за ім беглі яшчэ двое мужчын. Адзін з іх ужо ляжаў з ім побач Міхаіл Ваўчок. А вось хто быў трэці, не разпазналі.

Чалавеку заставалася пераадоліць метраў 80, каб апынуцца ў лесе. Але так собіла, што вецер раптам павярнуў дым убок, і карнікі, заўважыўшы бегляка, далі па ім чаргу з кулямёта, якая і зрабіла сваю чорную справу. Не распазналі чалавека яшчэ і таму, што ён увесь быў моцна абгарэлы, вопратка на ім вісела кавалкамі і дымілася.

Крышачку аддыхаўшыся, Іван з Міхаілам даліся праз лес далей у бок балота. Праз вярсту выйшлі на той бок лесу, дзе сустрэлі боркаўскіх пастухоў са статкам кароў. Папярэдзіўшы іх пра смяротную небяспеку, параілі ім уцякаць, бо і іх чакае смерць немінучая. І самі хуценька падаліся праз балота на другі бок рэчкі Іллі, на Глыбачаны, дзе стаялі партызаны атрада імя Г.І. Катоўскага. Тыя самыя “катоўцы”, якія днямі паміж Боркамі і Любчай у немцаў абоз адбілі з нарабаваным у сялян дабром. Дабраўшыся ў Глыбачаны, Іван з Міхаілам партызанаў так і не сустрэлі. Мясцовыя жыхары казалі, што тыя быццам бы сышлі на Палік, услед за ўсімі астатнімі. Але так яно ці не - невядома.

Хлопцы разумелі, што вяртацца ім няма куды, таму блукалі па Глыбачанах, Зацеміні ды па лясах мыкаліся, залечваючы раны травой. Апёкі гаіліся вельмі марудна, але гэта ім не перашкодзіла ў лютым 1944 года далучыцца да партызанаў, у ліку якіх і дачакаліся прыходу савецкай арміі, ў рады якой адразу і ўліліся.

У складзе 950 стралковага палка, стралковай дывізіі Іван дайшоў да Берліна, да самага рэйхстагу. Але на гэтым яго франтавы шлях не скончыўся. Яго вайсковая частка была перакінутая на Далёкі Усход. А калі 8-га верасня 1945 года СССР абвясціў вайну Японіі, Іван Трацінка прыняў самы непасрэдны ўдзел у разгроме самураеў.


За мужнасць і адвагу, праяўленую на франтах вайны, Іван Сцяпанавіч быў узнагароджаны баявымі медалямі “За адвагу”, ”За перамогу над Германіей у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945гг” і “За перамогу над Японіей”.


У сярэдзіне верасня, пасля перамогі над японцамі, Іван вярнуўся ў Малявічы, ў якіх пазнаёміўся з Анстасіяй Макараўнай Вараўка (1922 г.н.) з суседніх Рудкоўскіх. Стварыўшы сям’ю, выхавалі разам двух сыноў - Уладзіміра, Івана - і дачку Ларысу. Уладзімір усё жыццё адпрацаваў у саўгасе “Лукавец” ветдоктарам, зараз на пенсіі, жыве недзе на Гродзеншчыне ў дзяцей. Іван пасля службы ў савецкім войску на Далёкім Усходзе, там жа і застаўся.

Дачка Ларыса нікуды не з’язджала, прысвяціла сваё працоўнае жыццё бібліятэкарскай справе, а пасля скарачэння працавала ў калгасе, жыла ў бацькоўскай хаце да самай сваёй смерці. Зараз там жыве яе муж Юрый Дзмітрыевіч Ахотнікаў.

Міхаіл Ваўчок ажаніўся таксама, як і сам, з ўдзельніцай вайны Соф’яй Антонаўнай.

Ніхто з гэтых сям'яў ніколі нават і не спрабавалі дамагацца якой-небудзь карыслівай увагі ды ільгот да сябе. Пражылі жыццё сціпла, не выдзяляючыся сярод іншых, не страчваючы высокадухоўнага чалавечага аблічча.

Лічу, што гэтыя мужныя Людзі, патрыёты і абаронцы краіны заслугоўваюць таго, каб пра іх пісалі і памяталі не толькі мы, але і нашых нашчадкаў нашчадкі! Вось такая трагічная гісторыя раскрываецца хоць праз 80 год. Але хай будзе лепш з спазненнем, чым ніколі.


P.S. 














Магчыма сын Станкевічаў









Можна меркаваць што на фота Станкевічы ў маладосці.



Я вельмі ўдзячны нашаму жывому архіву, сведкам тых часоў, якія падказалі правільны накірунак для разгортвання чарговай старонкі нашай гісторыі. І ў самую першую чаргу, гэта 95-ці гадоваму жыхару вёскі Сакалоўка (былыя Чарвякі) Уладзіміру Канстанцінавічу Барысевічу.

Без яго памяці наўрад ці была бы калі раскрыта больш поўная карціна Любчанскай трагедыі. А таксама шчыра дзякую жыхару Малявічаў, пенсіянеру Шушкевічу Васілію Мікалаевічу, які таксама перадаў мне адпаведныя тэме прыжыццёвыя ўспаміны самога Трацінкі Івана Сцяпанавіча.


Зяцю Івана Трацінкі, Юрыю Дзмітрыевічу Ахотніку, за захаванне памяці, фота і дакументаў свайго цесця, патрыёта нашай Беларусі. Асобная мая ўдзячнасць навуковаму супрацоўніку Вілейскага краязнаўчага музея Вользе Аляксандраўне Коласавай за кансультацыі і падмацаванне тэкставага зместу архіўнымі дадзенымі.

Дарэчы, у Вілейскім краязнаўчым музеі удалося знайсці і фотаздымкі сям'і Адама Станкевіча з Любчы.  


Меркавана, што на здымку таксама сям'я Станкевічаў у больш маладым узросце.

Можна меркаваць, што на фота сын спадара Станкевіча.

Мяркуецца, што на здымку - нашчадкі Адама Станкевіча.
Made on
Tilda