Навіны на першай

Якімі былі Радашковічы и ваколіцы 100 гадоў таму. Глядзім фота!

"Сэдэр для салдат", школа "Тарбут" і дзіўны чалавек у правым верхнім вугле здымка (прыгледзьцеся!)
На сайце eilatgordinlevitan.com, дзе гісторыя беларускай яўрэйскай абшчыны сабрана ў фотаздымках (арыгіналы захоўваюцца ў Сусветным цэнтры памяці Халакоста Яд ва-Шем і Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы) і каментарах да іх, знайшлося некальці старых цікавых фотаздымкаў як Радашковічаў, так і навакольных мястэчак. Паглядзім?

Так (здымак вышэй) выглядала вуліца Мінская ў Радашковічах прыкладка стагоддзе таму. Нажаль, больш дакладна дату высветліць не атрымалася - пакуль не ўдалося звязацца з уладальнікамі сайта. 

Фота з сайта eilatgordinlevitan.com
"Вугал вуліцы Віленскай і Мінскай" - так пазначаны фотаздымак. Дарэчы, Мінскай называлася цяперашняя вуліца Савецкая.

Фота (злева) з сайта eilatgordinlevitan.com. Верагодна, зроблена ў 1931-м годзе, у час пахавання.
Надмагілле на здымку 1931 года можна ўбачыць і сёння. Пра яго чытайце ў нашым матэрыяле "Косці памерлых пад нагамі. Кім былі людзі, пахаваныя на старых яўрэйскіх могілках у Радашковічах". 

Фота з сайта eilatgordinlevitan.com. Шнеўр Шульман нарадзіўся ў Радашковічах, Польша, у 1864 годзе. Быў рэлігійным настаўнікам. Загінуў у 1941 годзе ва ўзросце 77 гадоў.

Дарэчы, у 1857 годзе яўрэі Радашковічаў маліліся ў чатырох сінагогах, адна з якіх згарэла пад час буйнога пажара 1891 года. Верагодна, спадар Шнеўр мог настаўнічаць у ацалелых на той час сінагогах. 

Між іншым, у матэрыяле "Па слядах яўрэйскіх пахаванняў. Радашковічы. Часткі будучай кнігі" беларускага і ізраільскага гісторыка, спецыяліста па гісторыі яўрэяў у Беларусі Леаніда Смілавіцкага пазначана: "В 1948 г. Совет по делам религиозных культов в Минске отклонил ходатайство верующих евреев из Радошковичей открыть синагогу, а уцелевшее довоенное здание синагоги (ул. Школьный Двор, д. 3) было передано под районную библиотеку". Цяпер вуліцы Школьны Двор няма. Ці існуе даваенны будынак сінагогі - невядома.

Фота з сайта eilatgordinlevitan.com.
Тарбут з іўрыта перакладаецца як "культура". Так называлі яўрэйскую свецкую асветна-культурную арганізацыю, пад эгідай якой у перыяд паміж двума сусветнымі войнамі была створана сетка свецкіх адукацыйных устаноў, дзе выкладалі на іўрыце, у Расіі (у 1917 годзе - 250 школ), Польшы, Румыніі і Літве (к 1925-му году - 200 школ).

Фота з сайта eilatgordinlevitan.com. Подпіс: "Арганiзатары "сэдэра для салдат" у Радашковiчах, Пэсах 5682".

Верагодна, на здымку польскія салдаты. Бо па Рыжскай мірнай дамове Радашковічы ўвайшлі ў састаў Польшы і амаль 20 гадоў (1921-1939) былі прыгранічным горадам.
Дарэчы, сэдэр - гэта святочныя вячэра у першы дзень свята Пэсах, калі ўсе зьбiраюцца за сталом i распавядаюць пра сыход з Егiпту пад сiмвалiчную ежу. Такая вячэра не зьмянiла свой выгляд (акрамя дробных дэталяў) за апошнiя прыкладна 3500 год!

Фота з сайта eilatgordinlevitan.com. На лісце напісана "Праца - гэта жыццё". Прыгледзьцеся да правага верхняга вугла фотаздымка.

Цалкам верагодна, што фота вышэй зроблена ў пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Гэты час гісторык Леанід Смілавіцкі апісвае так: Радашковічы "... превратились в третий по значению, после Вильно и Минска, центр белорусского национального возрождения. Здесь было образовано Товарищество Белорусской школы, открылась гимназия им. Ф. Скорины. На улицах Радошковичей можно было встретить художника и этнографа Язэпа Дроздовича, политических деятелей Западной Беларуси — Симона Рак-Михайловского, Игната Дворчанинова, Альберта Павловича, Бронислава Тарашкевича."

Ваколіцы Радашковічаў

Цікава паглядзець і на другія мястэчкі абапал Радашковічаў, фота якіх таксама знайшліся ў вышэй пазначанай крыніцы.  

Фота з сайта eilatgordinlevitan.com. Крама ў мястэчку Краснае. Дакладны час невядомы.

Фота з сайта eilatgordinlevitan.com. Краснае. Час невядомы.

Фота з сайта eilatgordinlevitan.com. Вішнева. Шэсце пад час іўдзейскага свята Лаг ба-Омер. Час невядомы.

Фота з сайта eilatgordinlevitan.com. Ракаў. У летнім лагеры для дзяцей-сірот і малазабяспечаных дзяцей. 15 ліпеня 1938 года.

Фота з сайта eilatgordinlevitan.com. Маладзечна. Падзеі і час невядомы.

Працяг будзе.

За пераклад з іўрыту і тлумачэнні рэалій і традыцый яўрэйскага грамадства шчыры дзякуй перакладчыку, пісьменніку і стваральніку Адкрытага прыватнага архіва дакументаў па гісторыі Магілёва Давіду Лісоўскаму.
Made on
Tilda