Вялікая Айчынная вайна

Палымяныя Боркі. Як прыватная ініцыятыва неабыякавых людзей дапамагла захаваць памяць пра спаленую вёску

На тэрыторыі былых Радашковіцкага і Ільянскага раёнаў з 1 па 10 мая 1943 года праводзілася карная экспедыцыя баявой групы Курта фон Готтберга - обергруппенфюрера СС і генерала войскаў СС і паліцыі. Яна мела назву "Draufgänger-2". Менавіта ў выніку дзеянняў карнікаў у рамках названай аперацыі 5 мая (гэтая дата пазначана ў кнізе "Памяць Вілейскага раёна" - заўвага рэд.) 1943г. былі знішчаны некаторыя вёскі цяперашняй Вілейшчыны. Вёска Боркі - адна з іх.

- Экспедыцыя "Draufgänger-1" праводзілася крыху раней, з 28 па 30 красавіка 1943г. Наколькі сёння можна меркаваць, гэтыя карныя акцыі мелі перад сабой выведвальныя мэты перад правядзеннем маштабнай карнай экспедыцыяй "Котбус", якая доўжылася з 15 мая па 21 чэрвеня 1943г, - расказвае гістарычны кантэкст падзеяў Дзмітрый Брыштэн, краязнаўца, магістр культуралогіі – навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі, - У прыватнасці, у прадстаўленні на ўзнагароджанне за ўдзел у гэтых карных экспедыцыях Ота Дзірлівангера - аднаго з самых адыёзных зладзеяў другой сусветнай вайны (оберштурмбанфюрэр СС - камандзір асаблівага батальёна СС "Дирлевангер"), сказана, што Draufgänger 1 und 2 з'яўляюцца "прыватнымі акцыямі буйнамаштабнай аперацыі Котбус". Па выніках гэтых акцый СС і паліцыя атрымалі інфармацыю аб тым, дзе канцэнтраваліся буйныя партызанскія сілы. У далейшым гэта дазволіла дакладней вызначыць задачы для нямецкіх частак і падраздзяленняў, прызначаных для ліквідацыі Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны. Дарэчы, Draufgänger перакладаецца з нямецкага як "ліхач", "падшыванец", "галаварэз". У энцыклапедыі "Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне" (Мінск, 1990) назва перакладзена некарэктна і дадзена як "Смяльчак" 1 і 2 (Draufgänger 1 und 2). Акрамя таго тэрміны аперацыі ў энцыклапедыі пазначаны толькі ў рамках красавіка 1943г.


Тыя падзеі захаваліся ў сухіх радках навуковай літаратуры, дакументаў. Але нельга забываць, што гісторыя - гэта жыццё, якое пражылі жывыя людзі.

Прыводзім урывак з кнігі "Праз смерць і пакуты" краязнаўцы Вілейшчыны, пісьменніка Алеся Раткевіча, заснаванай на ўспамінах шматлікіх сведкаў тых далёкіх падзеяў. Кніга падрыхтавана да выдання і хутка ўбачыць свет.

Аляксандр Раткевіч, краязнаўца, займаецца вывучэннем гісторыі Вілейскага краю, пісьменнік. На краязнаўчую тэму выдаў асабістыя кнігі: «Невядомая гісторыя майго краю» і «Па другі бок мяжы», падрыхтаваў да выдання трэцюю - «Праз смерць і пакуты». Суаўтар першага гістарычнага зборніка на ваенную тэматыку «Вілейскі павет». Аўтар шматлікіх праектаў па ўшанаванні памяці нявінна загінулых беларусаў і тых, хто змагаўся супраць акупантаў пад час другой сусветнай вайны. Арганізуе і каардэнуе ажыццяўленні гэтых праектаў. Былі ўсталяваны помнікі на брацкіх магілах і мемарыяльныя комплексы на Вілейшчыне, Маладзечаншчыне і Смаргоньшчыне. На працягу 2011-2012 гадоў быў цалкам перабудаваны помнік па загінулых 4 мая 1943 года жыхарах былой вёскі Боркі (Вілейскі раён) і сам мемарыял быў адноўлены.

Палымяныя Боркі

З вёскі Боркі, што на Вілейшчыне, выратаваліся двое вяскоўцаў, а да канца вайны дажыла толькі адна жыхарка - Фаіна Сяргееўна Анасовіч (Кучко). Яна расказала нам гісторыю аб тых трагічных майскіх днях далёкага сорак трэцяга. Да вайны ў вёсцы Боркі было 22 двары, там пражывала сотня чалавек. У суседняй Любчы, да якой было з кіламетр, - каля 80 жыхароў. На ўсход ад вёскі працякае рэчка Ілля, па ёй да 1939 года пралягала мяжа паміж Польшчай і Савецкім Саюзам.


Да вайны маленькая Фаня паспела адвучыцца ў першым класе ў пачатковай школе, якая размяшчалася ў будынку былой польскай заставы. Бацька дзяўчынкі памёр, калі ёй было два гады, маці Вольга, родам з вёскі Кавалі, гадавала Фаню, братоў Косцю і Леню ды сястру Валю адна.

Успаміны аб вайне

Вёску Боркі і яе жыхароў фашыстскія карнікі спалілі ў маі 1943 года, праз дзесяць дзён пасля Вялікадня, на Радаўніцу. Фані тады ішоў дванаццаты год.

Фаіна Сяргееўна з дачкой Таццянай. Так ў 2012 годзе выглядала вуліца зніклай вёскі Боркі. Месцы селішчаў яшчэ можна пазаць па старых вязах, чаромхах ці ўзгорках-печышчах.

Час многае сцёр з памяці Фаіны Сяргееўны. А вось той страшны дзень пакінуў, быццам бы спецыяльна. Каб сама памятала і ўсім людзям распавяла пра апошнія хвіліны з жыцця Борак, якія так і не адрадзіліся пасля вайны.

Цяжка мне гаварыць, – прыкладаючы руку да грудзей, праводзіць нас у пакой Фаіна Сяргееўна. – Яно і без таго ўвесь час душа баліць, а як развярэдзіш старыя раны, тыдзень ходзіш сам не свой. Таму я,дазвольце, спачатку таблетак нап’юся, а пасля “пойдзем” з вамі ў вёску. Хто ведае, колькі мне жыць засталося? Памру – ужо ніхто не раскажа. Але давайце папарадку".

Працавалі на сваёй зямлі, мелі гаспадарку, з таго і жылі. Не скажаш, каб багата. Так, перабіваліся. Маці Фаіны, Вольга, дзяцей падымала адна.

"Старэйшаму майму брату на той час споўнілася 17 гадоў, – успамінае жанчына, – ён і быў у хаце за гаспадара, бо бацька памёр рана, мне тады было ўсяго два гадкі. Малыя былі і брат Лёня, і сястра Валя. Усе яны разам з мамай згарэлі”.

Боркі лічыліся партызанскай вёскай. Але народныя мсціўцы, па словах Фаіны Анасовіч, тут ніколі не стаялі. Праўда, у хаце яе дзядзькі яны зрабілі своеасаблівы пост і пасадзілі там дзяжурнага. Людзі казалі, што гэта нейкі сувязіст, бо ля дома была пастаўленая высокая жэрдка з прымацаванай да яе антэнай.

Першы раз у іх вёсцы немцы з’явіліся ў красавіку 1943 года, за тыдзень да Вялікадня. Прыехалі на конях, з паліцаямі, ды такі гармідар устроілі, што пасля іх ад’езду мо яшчэ гадзіну пер’е над вуліцай лятала. Хапалі ўсё, што траплялася пад рукі: курэй, гусей, парасят. Выносілі з кладовак сала, яйкі, малако. “Дзетачкі, зараз і да нас прыйдуць”, – шаптала ў роспачы маці Фаіны. Чужынцы перапаролі ўсе шафанеры, забралі яйкі, тварог, падрыхтаваныя да свята, ды пацягнуліся з пажыткамі да абоза.

Праз нейкі час нагружаныя дабром павозкі з'ехалі з вёскі ў бок Любчы, і людзі ўздыхнулі з палёгкай. Маўляў, хай хоць усё забіраюць, галоўнае, нас бы не чапалі.

Не паспелі вяскоўцы апамятацца, як на вуліцы паказалася конніца. Гэта партызаны, на падводах гэтак дваццаці, ляцелі наўздагон немцам. Бой быў такі, што ў вокнах трэсліся шыбы.

Маці загадала нам класціся на падлогу, – успамінае Фаіна Анасовіч, – так і ляжалі радком, пакуль не перасталі страляць”.

Праз хвілін пяць пасля таго як страляніна скончылася, на вуліцы паявіліся павозкі. Гэта варочаліся назад партызаны з адбітым у немцаў абозам, гружоным людскім дабром і параненымі. Не прыпыняючыся ў вёсцы Катоўка, хуценька падаліся праз рэчку, да месца сваёй дыслакацыі ў Глыбачане. Вечарам толькі і размоў было, што пра тую бойку, у якой партызаны забілі некалькі паліцаяў і паранілі нямецкага афіцэра. Ды ў дадатак абоз з нарабаваным адбілі.

“Не даруюць нам немцы, канец будзе”, – казалі мужчыны.

І ў той жа час ніводзін з іх не ведаў, што рабіць. У партызанскі атрад усёй вёскай не пойдзеш, у лесе надоўга не схаваешся. А вясна тым часам брала сваё. З кожным днём станавілася цяплей, пачало распускацца на дрэвах лісце. І людзі вырашылі сеяць. Днём працавалі на сваіх надзелах, а вечарам, сабраўшыся ля якой-небудзь хаты, трывожыліся. Хтосьці сказаў, што трэба павыносіць лепшае і схаваць. Бо калі немцы налятуць, народ застанецца ні з чым.

“У панядзелак, 3 мая, у гадзін дзесяць, на дарозе з боку Любчы падняўся пыл. Адтуль на конях прыскакала двое мужчын і адразу ж сталі збіраць людзей, - успамінае Фаіна Анасовіч. Партызаны нам сказалі: "Любчу і Боркі будуць паліць разам з людзьмі. Уцякайце да нас у Рагозіна (вёска ў Лагойскім раёне прыкладна ў 15 км ад Барок). А хочаце – хавайцеся ў лесе альбо ідзіце ў суседнія вёскі да сваякоў, – папярэджвалі яны людзей. - Інакш усім будзе канец.”



Трагедыя

“Маці бегала па хаце і не ведала, што рабіць, – успамінае Фаіна Сяргееўна. – У Борках быў дом, такая-сякая гаспадарка, лапік засеянай зямлі.

Ды і не чакаў нас ніхто нідзе. Да каго было прытуліць галаву. Вайна ж на дварэ, кожны жыве са сваім горам.

Заваліся сям’ёй з пяці душ да каго-небудзь, на колькі дзён прытуляць, ды скажуць, каб дамоў збіраліся. Бедныя мы былі, бязбацькавічы. Нават лапцяў, каб усіх абуць, маці не мела”.

Спаць у тую ноч не клаліся. На наступны ранак у аўторак, мужчыны вырашылі выгнаць у поле жывёлу. Са статкам выйшла 11 пастухоў, у тым ліку трое дзяцей, сярод якіх была і Фаня, у якой, акрамя лапцей, нічога не было, а толькі, як яна кажа, "нейкі балахончык". У адной жанчыны быў гадзіннік і вось у 9 раніцы пачуліся аўтаматныя чэргі. Пастухі залеглі ў траву, хаваючыся ад куль. А праз некаторы час над Любчай падняўся чорны дым. Мужчыны вызначылі, што гарыць не ўся вёска, а толькі адна нейкая будыніна.

А крыху пазней, праз хвілін дваццаць і над Боркамі пачалі падымацца клубы дыму. Неўзабаве з боку Любчы прыбеглі на поле два чалавекі, адзін басанож з абгарэлай рукой, вушамі і вопраткай, а другі ў чаравіках і цэлы. Яшчэ здалёк пачалі крычаць: "Уцякайце, уцякайце!" Параўняўшыся з пастухамі і крыху аддыхаўшыся, патлумачылі, што здарылася.

Высветлілася, што ў Любчы немцы склікалі людзей, казалі, што будуць рабіць пераклічку, але загналі ўсіх мужчын у Станкевічаў ток, замкнулі і падпалілі. Але, выламаўшы дошкі, траім удалося збегчы з палаючага тока. Толькі,навялікі жаль, аднаго з іх дагнала нямецкая куля ўжо на самым узлеску.

Папярэдзіўшы пастухоў, уцекачы ад смерці падаліся за раку, у бок вёскі Глыбачаны. Дарослыя задумаліся: як жа мы, маўляў, пойдзем дадому без кароў? А сямнаццацігадовы Віктар Ваўчок сказаў: "Я ўцяку ў Чарвякі (цяпер Сакалоўка), а вы тут самі глядзіце скаціну". Мужыкі на гэта адказалі: "Ідзі, мы тваіх кароў глядзець не будзем". Хлопец сышоў і падаўся ў партызаны, але, як стала вядома пазней, загінуў. Менавіта ў той дзень, толькі ён і маленькая Фаня пазбеглі расправы фашыстаў. Праз гадзіну на поле прыйшлі трое: адзін паліцай і двое ў цывільным і загадалі гнаць жывёлу дадому. Гонячы каровак у вёску, адзін з іх сказаў Фані: "Відаць, твой бацька не ў партызанах, раз ты ў лапцях ходзіш", на што дзяўчынка адказала: "Няма ў мяне бацькі…".

Калі прыйшлі ў Боркі, то там убачылі, што ўся вясковая вуліца была застаўленая падводамі, гружонымі нарабаваным людскім дабром. А фурманамі пры іх, былі знаёмыя мужыкі з суседніх вёсак, якіх немцы нанялі для падобнай справы. “А як жудасна рыкалі каровы! - кажа Фаіна Сяргееўна. - Не слухаліся і не ішлі да сваіх хатак. Пасля чаго ўвогуле паразбягаліся.

Мясцовых жыхароў нідзе не было бачна - іх да таго моманту ўжо загналі ў хлеў. У двары сям'і Кучко былі закапаныя такія-сякія рэчы, адзенне ды посуд, але гэтае прыхаванне было ўжо кімсьці выкапанае. Безумоўна, не без дапамогі “добразычліўцаў”.

У хаце таксама ўсё было перавернута ўверх дном, лыжкі ды жбаночкі былі параскіданы па падлозе. “Двое з прыгнаных фурманаў, - кажа Фаня, - ведалі нашу хату, бо спыталіся, ці мая мама - Волька з Кавалёў. Я пацвердзіла". Адзін з іх сказаў, што мамы больш няма, але іншы паправіў: маўляў, жывая, але яе сагналі ў Нямеччыну. Я нічога не разумела і толькі плакала. Тут падышоў страшны немец з аўтаматам і паліцай, спыталі, дзе я была. Я адказала, што ў полі. "Партызанка?" - спытаў паліцай. - "З яе партызан, як з цябе немец", - адказаў за мяне дзядзька-фурман".

Пасля гэтыя фурманы пачалі думаць, куды схаваць Фаню. Пакласці на воз (на ім ужо ляжалі парася і дзве авечкі)? Але фашысты могуць убачыць, і тады ўсім траім бяды не абмінуць. У дом пад печ? Таксама не выйсце. А за домам быў сад і якраз напярэдадні гэтай трагедыі, Фанін старэйшы брат, абразаючы галінкі, склаў іх у куце сада, збіраючыся потым іх спаліць. Адзін з фурманаў раскапаў у глыбіні гэтай гары галінак нейкае падабенства нары і сказаў Фані, каб яна туды забралася і сядзела да таго часу, пакуль хто-небудзь не прыйдзе. У сераду яна ўбачыла, як рэшткі нарабаванага дабра згрузілі ў бартавую машыну і з'ехалі, у вёсцы засталіся толькі пара паліцаяў. Фаня вярнулася ў хату, а на ноч зноў перабралася ў сваю бярлогу. У чацвер раніцай карнікі падпалілі вёску - з аднаго канца і з сярэдзіны. Хата сям'і Кучко згарэла, а гумно - не. З'едлівыя дым і смурод разносіліся далёка вакол. Нікога не было відаць і чуваць.

Фаня вылезла са сваёй хованкі і пайшла па былой вясковай вуліцы. У адным хляве былі чатыры забітых пастухі, у іншым - спаленыя астатнія жыхары вёскі, свайго дзядзьку дзяўчынка знайшла забітым на парозе яго дома.

Знойдзены падмурак ад свірана, ў якім 4га мая 1943 года, ад рук фашысцкіх захопнікаў загінулі жыхары Борак.

Ад вёскі засталіся толькі тры хаты - яны стаялі пад рэчкай наводшыбе. У адной з іх Фаня працавала нянькай маленькага Мішкі - яе за гэта кармілі. Зайшла туды - па хаце раскіданыя цацкі, люк у склеп быў адчынены і нікога не было. На стале стаялі жбаны з сапсаваным ўжо малаком і трохі хлеба. Фаня, тры дні нічога не еўшая, адрэзала кавалачак хлеба і пачала жаваць. У гэты момант да дома пад'ехала машына блакітнага колеру. З яе выйшлі трое: два нямецкіх афіцэры (адзін малады, другі ў гадах) і з імі шафёр, ён жа перакладчык. Дзяўчынка хацела схавацца ў склеп, але спалохалася мышэй і стала за шыфанерай. Немцы зайшлі ў дом і сталі на парозе. Адзін з іх нешта сказаў з моцным польскім акцэнтам, а кіроўца пераклаў: "Выходзь, хто ёсць". "А я і сказаць што-небудзь не магу", - успамінае Фаіна Сяргееўна.

Немец ад парога даў аўтаматную чаргу па шыфанеры і акенцу, але Фаню цудам кулі не закранулі. Шафёр стаў прасіць: аддайце дзяўчынку мне, я бяздзетны, удачару яе. Немцы адказалі: "Калі не паранілі, аддамо".

- Ты адна тут? - спытаў шафёр.
- Я нікога не бачыла. Наша хата згарэла, а я была ў полі.
Пасля немец даў каманду:
- Зачыніць склеп.
- А я не падыму крышку, - адказала Фаня.
- А ты прыпаднімі яе, а я зачыню.
Немцы баяліся, што ў склепе могуць хавацца партызаны.
- Стань на вечка. Ты параненая?
- Не ведаю.
- Толькі не ўздумай уцякаць, - сказаў шафёр, узяў за руку і вывеў з пакоя. Па баках дзвярэй стаялі тыя два немцы.
"Страх у мяне прапаў, - кажа Фаіна Сяргееўна. - Адзенне на мне страшнае: лапці, балахончык, хустка нейкая.

Немец з акцэнтам загадаў распрануцца. Фаня распранулася, а ён і кажа: "Сорак пяць гадоў пражыў, а такога цуда не бачыў: цэлую абойму стрэліў, а ты цэлая", - і сказаў, што больш страляць не будзе.

Немцы ўзялі нейкія талеркі і панеслі ў сваю машыну. Я ішла побач з шафёрам, а яны ззаду нас. Я схадзіла да папялішча сваёй хаты, узяла там нейкую посцілку і вярнулася. Пакуль ехалі ў Іллю (тады - цэнтр раёна), немцы распытвалі мяне пра сям'ю, а кіроўца перакладаў. У Іллі мяне аддалі ў дзіцячы дом, а праз дзень цётка Ганна з сяла Бязводнае забрала да сябе, пакінуўшы немцам распіску. Праз месяц мяне пераправілі да іншай цёткі Кацярыны Супрановіч, у вёску Рабунь. Цётка была строгая, так што я шмат працавала, пасвіла кароў. А ў школу мяне не пусцілі. У 1949 годзе пайшла працаваць у калгас, і тры гады працы прыйшлося запісаць на цётку.

"А пасля замуж выйшла, дзеткі нарадзіліся. Траіх мы з мужам Міхаіла, Наталлю, Таццяну паднялі на ногі, вывучылі. Унукаў дачакаліся. Нічога сабе, жывём. І кожны раз з удзячнасцю ўспамінаю таго шафёра Гандаровіча, які ад смерці выратаваў. Як пасля высветлілася ён быў сувязным партызанскага атрада “За Радзіму” брыгады імя Фрунзе. На вялікі жаль, яго пасля фашысты расстралялі".

На помніку пералічаныя 22 сям’і – усяго 99 чалавек.

У Борках на вясковым пагосце Фаіна Сяргееўна пабывала ўпершыню толькі гадоў праз 15 пасля заканчэння вайны. Калі сіламі калгаснікаў на месцы хлява, дзе былі спаленыя яе аднавяскоўцы, быў усталяваны сяміметровы помнік, а на мармуровай пліце былі выбітыя прозвішчы і імёны загінуўшых боркаўцаў. Напаследак, праводзячы нас з падворка, Фаіна Сяргееўна папрасіла нас, што калі не атрымаецца нам адрамантаваць помнік і пабудавць да яго дарогу, то хаця бы памяталі пра тых, хто там пахаваны, і ў якіх пакутах яны страцілі свае жыцці.

Прыватная ініцыятыва і аб'яднаныя намаганні

У 2012-м годзе і адрамантаваць помнік, і пабудаваць да яго дарогу атрымалася дзякуючы неабыякавым людзям.

Добраахвотнікі нанова перабудоўвалі мемарыял у свой вольны час амаль цэлае лета.

Такі самаробны ўказальнік быў усталяваны на пагосце з самага пачатку аднаўлення мемарыяла.

Вось як апісвае гэта ў сваім артыкуле журналіст Мікола Гайдук:

"Аднаўленне помніка стала магчымым дзякуючы намаганням Алеся Раткевіча, ураджэнца вёскі Чарвякі (цяпер Сакалоўка), які жыве ў Чысці, і Хаценчыцкага сельвыканкама.
...
– Мы са сваякамі прыехалі надвячоркам, – расказвае з удзячнасцю дачка Фаіны Анасовіч Таццяна, а тут Аляксандр Аляксандравіч (Раткевіч – рэд.) разам з памочнікамі пад святлом аўтамабільных фар устанаўлівае указальны стэнд".

Валанцёры Вілейкі, Маладзечна, Чысці, Мінска, Краснага, Ільі праводзілі тут нядзельнікі. Прадпрыемства "Забудова" бясплатна забяспечыла іх будматэрыяламі. Справу падтрымала кіраўніцтва райвыканкама - дзякуючы яго намаганням была пабудавана дарога да мемарыяла, усталяваны дарожны ўказальнік (з дарамогай прадпрымальніка-добраахвотніка), а ў вёсцы Лукаўцы ў памяць аб трагедыі з'явілася вуліца Любчанска-Боркаўская.

На стэндзе з лева схема даваеннай забудовы Борак,складзеная па памяці Фаіны Сяргееўны Анасовіч(Кучко).

У 2020 годзе, не дажыўшы да свайго дзевяностагоддзя аднаго года, Фаіна Сяргееўна Анасовіч (Кучко) сышла ў свет іншы са спакойнай душой перад загінуўшымі ў страшэнным полымі сваімі роднымі і аднавяскоўцамі.
Made on
Tilda