Каб да маёй ініцыятывы па пошуку няўлічаных пахаванняў ахвяр нацызму змаглі далучыцца і нашчадкі нявінна забітых за гады Вялікай Айчыннай вайны, якія даглядаюць магілы сваіх родных, я наведаў некаторыя могілкі ў Мінскім, Маладзечанскім і Вілейскім раёнах, дзе пакінуў улёткі. У іх - інфармацыя пра тое, як праз зварот у мясцовы выканкам можна аднавіць справядлівасць і надаць магіле роднага чалавека афіцыйны статус пахавання ахвяры вайны, якая ахоўваецца законам. Ўлётку можаце спампаваць тут.
Минскі раён

Па дарозе я заехаў у лес паблізу вёскі Мацкі, дзе знаходзіцца магіла загінулага тут у 1941годзе воіна РСЧА. Даўным-даўно гэта пахаванне трэба было перанесці ў бліжэйшую брацкую магілу.

У вёсцы Рабушкі я яшчэ спадзяваўся заспець жывымі сведак гібелі партызан Коваля і Дарошка, аб якіх пісаў у асобным матэрыяле. На жаль, такіх старажылаў у вёсцы ўжо няма…
На могілках за вёскай Ашнарава фактычна адразу ўбачыў магілу, якую чамусьці не ўбачыў у самую першую сваю паездку туды - 1 жніўня 2015 года.

На могілках каля вёскі Саламарэчча (у яе ваколіцах з 1558 года функцыянаваў Саламарэцкі Свята-Пакроўскі мужчынскі манастыр – цяпер ад яго няма ні следу) убачыў шмат брацкіх магіл забітых мірных жыхароў, якія датаваныя 1-м, 2-м і 28-м траўня 1943г. на некаторых з іх (прыбраных) я пакінуў ўлёткі. Спадзяюся, што хоць у Радуніцу прыйдуць родныя і ўбачаць паведамленне.


Побач з могілкамі размешчаны помнік загінулым, побач - інфармацыйны стэнд з іх прозвішчамі, імёнамі, імёнамі па бацьку.

Параўноўваючы прозвішчы са стэнда з імёнамі на магілах, прыйшоў да высновы, што складальнікі стэнда на могілках не былі і магіл не бачылі. Інакш, калі разважаць разумна, туды б ўнеслі і прозвішчы тых, хто загінуў 28 траўня 1943-га.
Да прыкладу, дапоўнілі б надпіс "Бяляўская Фядора" яе імем па бацьку - Вікенцьеўна.

З іншага боку, зразумела, што ёсць нейкі спіс загінулых, якім карысталіся стваральнікі стэнда, і гэта вельмі добра.
Так на жалезнай таблічцы ледзь відны надпіс: "Шуляк А. К. Жыла 51 г. Забітая фашыстамі 1.05.1943 г."

А на стэндзе чытаем – Шуляк Ганна Кандрацьеўна. Вельмі верагодна, што гэта адзін чалавек. Магіла Шуляк А. К. закінутая.
Нижэй - спіс загінулых сем'яў, магілы якіх я сфатаграфаваў:
- Агурэнь
- Бяляўская Фядора
- Вашкевічы – забітыя 28 траўня 1943
- Занямон – забіты 28 траўня 1943
- Значанок
- Стахоўскія – забітыя 28 траўня 1943
- Шляхценок Зіновій
- Шуляк Г.К.
Вілейскі і Маладзечненскі раёны

На наступны дзень я пабываў на могілках паблізу вёсак Максімаўка (Маладзечанскі раён), Забор'е, Хаценчыцы, Навасёлкі-Лукавец і Сакалоўка.



100 кіламетраў дарог і яшчэ пяць наведаных могілак. Тут я быў у траўні 2020 года. Рэгіён моцна пацярпеў ад карных экспедыцый акупантаў у вайну. На кожных могілках ёсць магілы ахвяр. Там улёткі я таксама пакінуў. Вельмі спадзяюся, што яны знойдуць сваіх адрасатаў і наладзіцца сістэмная праца па ўвекавечанні памяці ахвяр нацызму.
P.S. Па дарозе дадому я прагуляўся па старым радашковіцкім некропалі. Ёсць і ў нас магілы тых, каго забілі ў вайну. Батарэя ў тэлефоне села, і ён выключыўся - паспеў зрабіць фота адной магілы.

Побач з адной такой брацкай магілай ляжыць велізарная куча зямлі са паленым смеццем. Няма словаў.